Галоўную рэдакцыю сайта “Першы рэгіён” з раніцы трасе КДБ
Галоўную рэдакцыю інфармацыйнага сайта “Першы рэгіён” з раніцы трасе КДБ. Па ўсім відаць, зараз ідзе ператрус у галоўнага рэдактара сайта Пятра Гузаеўскага ў Ганцавічах, кажа карэспандэнт сайта Сяргей Гардзіевіч з Драгічына:
– Цэлы дзень сайт не абнаўляўся. Навіны ніхто не ставіць. Публікацыі не з’яўляюцца. Не вытрымаў і патэлефанаваў Гузаеўскаму на дамашні нумар тэлефона. Гузаеўскі выбачыўся. Папрасіў ператэлефанаваць пазней. Маючы інфармацыю, што ўжо адбыўся вобшук у Супрунюка, думаю, што ў Гузаеўскага гэтым часам адбываецца вобшук дома. З 11 гадзін Супрунюк не выходзіць на сувязь. У яго быў вобшук. Кантакту з ім яшчэ не было.
Паводле Сяргея Гардзіевіча, стала вядома, што берасцейскі рэдактар сайта Алег Супрунюк даў падпіску аб неразгалошванні. Рэдактар Івацэвіцкага сайта “Першы рэгіён” Павел Дайлід таксама не выходзіць на сувязь.
Беларускае Радыё Рацыя