Стала вядома, якія абвінавачанні гучаць у закрытым судзе па „справе Ціханоўскага”
У будынку гомельскага СІЗА з 24 чэрвеня ў закрытым рэжыме судзяць адразу шэсць палітвязняў: Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Цыгановіча, Арцёма Сакава і Дзмітрыя Папова.
Як мяркуецца, слуханні працягнуцца да 30 ліпеня, у канцы месяца можа быць абвешчаны прысуд.
У справе 177 тамоў. Гэта ключавы суд па „справе Ціханоўскага”. Яго фігурантаў абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, распальванні сацыяльнай варожасці ў Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2020-м. Усе палітвязні былі затрыманыя яшчэ да выбараў.
41-гадовага аўтара Youtube-канала „MozgON” Уладзіміра Цыгановіча — абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці). Праваабарончаму цэнтру „Вясна” стала вядомая фармулёўка абвінавачання блогеру, па якім яму пагражае пакаранне да 12 гадоў пазбаўлення волі: «выконваў функцыі прапаганды легітымізацыі парушэнняў заканадаўства».
Як мяркуецца, падобнае абвінавачанне тычыцца і іншых фігурантаў справы, якая разглядаецца ў закрытым рэжыме.
Фота: spring96.org