Зембін: руіны касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Зембін – мястэчка ў Менскай вобласці Барысаўскага раёну.
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі пабудаваны на пачатку XIX стагоддзя на месцы драўлянага касцёлу, які згарэў у 1790 годзе.
Касцёл быў асвечаны 15 жніўня 1809 года у імя Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
Па словах мясцовых жыхароў яшчэ да нядаўняга часу ў скульптуры Панны Марыі ў нішы на франтоне на руках было немаўля – маленькі Езус. Рукі абламаліся, і Панна Марыя цяпер стаіць адна. Над скульптурай Панны Марыі гняздо бусла і Крыж.
Касцёл пабудавалі на мяжы XVIII i XIX стагоддзяў, калі эпоха барока яшчэ не скончылася а час класіцызму толькі пачынаўся.
У архітэктуры касцёла спалучаюцца два стылі – барока і класіцызм.
Такая архітэктура мае назву “станіславаўскага класіцызму”, бо мела распаўсюд ў часы апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
У 1903 годзе ў касцёле рабілі рэканструкцыю. Мастак Вебер, вучань Станіслава Выспянскага, распісаў інтэр’ер.
У 1932 годзе камуністы зачынілі касцёл, і пачаўся працэс руйнавання пад уздзеяннем прыроды.
Цяпер ля ўваходу ў касцёл і па ўсіх вокнах ды нішах знічы і кветкі – вернікі наведваюць касцёл у Зембіне, каб ён не быў занядбаным.
Беларускае Радыё Рацыя