Гомельскі валанцёр Ілля Міронаў „знайшоўся” ў КДБ
Гомельскі валанцёр Ілля Міронаў, якога пасля ператрусу затрымалі па невядомай крымінальнай справе, знайшоўся ў КДБ.
Ягоныя акаўнты ў сацыяльных сетках і месенджарах кантралююць аператыўнікі. Мама валанцёра Валянціна Міронава гаворыць, што праз прызначанага адваката ёй перадалі, што стан здароўя сына здавальняючы:
– Трымаецца аптымістычна. Спаў выдатна, праўда, без матрацу. Гэтага адваката яму прызначылі. А хто ўвогуле ведаў, дзе ён? Я пра гэта даведалася толькі раніцай, што ён у КДБ. Проста я на лецішчы адчула нядобрае, бо няма яго ў сеціве. Пасля гляджу, затрымалі Палякова. Тэлефанавала, у сацсеткі пісала, не адказвае. Галоўнае, што па крымінальнай справе. Я ў следчага спыталася – я з ім размаўляла – але ён мне штосьці нічога не кажа.
Ілля Міронаў – арганізатар рок-канцэртаў і грамадскі актывіст. У апошнія гады працаваў за мяжой, але вярнуўся ў Беларусь на хвалі пратэстаў. Па вяртанні на радзіму далучыўся да руху валанцёраў, якія дапамагаюць ахвярам палітычных рэпрэсій. За сваю дзейнасць шмат разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, адбываў арышты.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота: novychas.by