«Ператрусы, распрананні, голыя прысяданні. Усё гэта моцна б’е па годнасці»



Палітвязень Ігар Лосік, якога цяпер разам з «камандай Ціханоўскага» судзяць на закрытым працэсе ў Гомелі, апісаў у лісце, як абыходзяцца ў СІЗА-3 з палітвязнямі, паведамляе Радыё Свабода.

«Тут акрамя года незаконнага зняволення і закрытага «суду» вырашылі дабіць яшчэ знявагай чалавечай годнасці. Па-першае, бясконцыя распрананні, прысяданні ў голым выглядзе, суправаджэнне ў кайданках у позе «ластаўка», як быццам я нейкі асабліва небяспечны злачынец.

Раз ці два на тыдзень у камеры пастаянныя ператрусы з трыбушэннем усіх рэчаў. Незразумела, што хочуць знайсці – думаюць, я нешта з сабой зраблю (гэта пасля выпадку як Латыпаў сабе горла парэзаў на судзе). Я, вядома, нічога такога не збіраўся рабіць, але шчыра скажу, такія дзеянні вельмі зневажальныя і моцна б’юць па чалавечай годнасці, і таму гэтым самадурствам яны могуць прывесці да адваротнага эфекту.

З гэтымі сталымі ператрусамі і распрананнем, адчуваю сябе як вязень у Асвенцыме, толькі што залатых каронак не выдзіраюць», – напісаў Ігар Лосік жонцы Дарʼі ў лісце 4 ліпеня.