Міжнародны тыдзень беларускай культуры завершыцца канцэртамі ў Вільні і Кіеве



«Культура пераможа дыктатуру». Набліжаецца да заканчэння першы Міжнародны тыдзень беларускай культуры. Ініцыятарам стала Беларуская рада культуры, зарэгістраваная ў Таліне. Імпрэзы прайшлі ў дзясятках краінаў свету як у анлайн-, так і ў афлайн-фармаце.

Па словах кіраўніка Рады Сяргея Будкіна, на завяршэнне рыхтуюцца 2 канцэрты беларускіх артыстаў:

– 11 ліпеня будзе канцэрт у Кіеве з удзелам SHUMA, NAKA і РСП. Канцэрт у Вільні будзе з удзелам Лявона Вольскага, Маргарыты Ляўчук і Андрэя Павука, іх праекта “Красная Зелень”. І мы сюды ж прыпісваем добрую імпрэзу ў Менску – паказ оперы “Дзікае паляванне” на музыку Солтана паводле Караткевіча ў Вялікім тэатры. Так атрымалася, што на 11 ліпеня стаіць.

Гранд-фіналам і пастскрыптумам Міжнароднага тыдня беларускай культуры аб“яўлены Фестываль Абуджаных „Тutaka”, які пройдзе 6-7 жніўня пад Беластокам.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя