Аблава на медыя



Стала вядома, што 9 ліпеня прайшлі вобшукі ў журналістаў Марыны Малчанавай з Бабруйска і Анатоля Гатоўчыца з Гомеля.

Пра гэта паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Малчанаву пасля вобшуку дапыталі і адпусцілі пад падпіску аб невыдаванні.

У Гатоўчыца канфіскавалі камп`ютары, тэлефоны, планшэт, флэшкі, усе фотаапараты, дыктафоны, у тым ліку старыя касеты, якія ён збіраўся перадаць у музей незалежнай журналістыкі. Беларуская асацыяцыя журналістаў планавала стварыць такі музей.

У справаздачы пра вобшук названа 26 адзінак канфіскаванага абсталявання і носьбітаў інфармацыі.

Як паведамлялася, вобшукі ў рэдакцыях недзяржаўных медыя і ў журналістаў ішлі два апошнія дні. Прадстаўнікі сілавых структур наведалі рэдакцыі і асобных журналістаў не менш чым тузіну СМІ.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з асабістых старонак журналістаў у facebook.com