Тэмпературныя рэкорды абноўленыя ў Віцебску і яшчэ на 10 метэастанцыях



У трэці дзень анамальнай спякоты, 10 ліпеня, новыя тэмпературныя рэкорды зафіксаваныя на 11 метэастанцыях Віцебскай, Гомельскай, Менскай і Магілёўскай абласцей, сведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз аператыўных і архіўных дадзеных Белгідрамета на рэсурсе meteoinfo.by. Адзін з пабітых рэкордаў трымаўся больш за 60 гадоў.

Гарачэй за ўсё было ў Жлобіне — 33 градусы вышэй за нуль (ранейшы лакальны максімум дня — 30,9 у 1989 годзе). У Полацку паветра прагрэлася да 32,5 (31,7 у 2006 годзе), у Вілейцы — да 31,8 (31 у 1959-м).

Абнавіліся рэкорды ў Віцебску — 31,7 (30,6), Бярэзінскім запаведніку — 31,6 (30,9), Сянно — 31,5 (31,1), Слаўгарадзе — 31,2 (29,6), Оршы — 31,1 (30,1), Лепелі — 31,1 (30,7) (ранейшыя экстрэмумы на гэтых метэастанцыях адносіліся да 2006 года).

Яшчэ два новыя максімумы зафіксаваныя ў Касцюковічах — 30,8 (30,2 у 2010 годзе) і Мсціславе — 30,1 (28,6 тады ж).

Абсалютны экстрэмуму дня трымаецца з 2006 года (33,8 градуса ў Брэсце).

9 ліпеня рэкорды спёкі былі перакрытыя на дзевяці метэастанцыях, 8-га — на сямі. У Лепелі дзённыя максімумы абнаўляліся ўсе тры дні.

У першы перыяд анамальна гарачага надвор’я (19—26 чэрвеня) было перапісана 188 лакальных рэкордаў дня, 80 рэкордаў месяца і два рэкорды за ўвесь перыяд метэаназіранняў. Яшчэ пяць лакальных рэкордаў было адзначана 30 чэрвеня.

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, з 21 чэрвеня з цеплавым ударам у медустановы звярнуўся 191 чалавек, 47 з іх трапілі ў шпіталь. Сярод пацярпелых было 62 дзіцяці (21 шпіталізаваны) і 129 дарослых (26).

Чакаецца, што цяперашняя спякота з тэмпературай да 36 градусаў захаваецца да канца наступнага тыдня.

belapan.by