Колькасць нелегалаў, затрыманых Літвой на мяжы з Беларуссю, перавысіла 1.600



За мінулыя суткі (з раніцы 10 ліпеня да раніцы 11-га) на мяжы з Беларуссю затрыманыя 57 нелегальных мігрантаў, паведаміла Дзяржпагранслужба Літвы. Гэта на 26 больш, чым суткамі раней. Пры гэтым апошнія пяць дзён іх штодзённая колькасць не перавышае 100, адзначаецца ў рэлізе.

Сутачны рэкорд быў зафіксаваны раніцай 4 ліпеня (160 нелегалаў).

Усяго з пачатку года на мяжы з Беларуссю перахоплена 1.634 нелегальныя мігранты — у 20,2 разу больш, чым за ўвесь 2020 год (81). Сярод іх больш за ўсё грамадзян Ірака (680), Конга (200), Камеруна (118), Гвінеі (82) і Ірана (68) (дадзеныя на 9 ліпеня). Памежнае ведамства прыводзіць таксама памесячна статыстыку затрыманняў: у студзені — 20, лютым — 13, сакавіку — 8, красавіку — 70, маі — 77, чэрвені — 473, з пачатку ліпеня — 973.

9 ліпеня Літва пачала будаваць на мяжы загароду з калючага дроту. Паралельна будзе ўзведзены плот.

Кіраўніцтва Літвы неаднаразова наўпрост абвінавачвала беларускія ўлады ў тым, што яны свядома спрыяюць росту патокаў нелегальнай міграцыі.

9 ліпеня старшыні камітэтаў па замежных справах парламентаў 12 дзяржаў выступілі з сумеснай заявай у сувязі з павелічэннем патокаў нелегальнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі.

Яны заклікалі забараніць палёты ў Беларусь рэйсаў, якімі могуць перамяшчацца нелегальныя мігранты, увесці санкцыі ў адносінах да „тых, хто мае дачыненне да арганізаванай дзяржавай нелегальнай міграцыі праз міжнародныя межы, і да рэжыму Лукашэнкі, які кантралюе яе”.

Таксама яны заклікалі ЕЗ і НАТА выступіць з „сумеснымі заявамі ў адрас урадаў Ірака, Турцыі і іншых дзяржаў, якія рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае для інструменталізацыі мігрантаў, каб скончыць з гэтай практыкай і абараніць годнасць тых, чые правы парушаюцца”.

Заяву падпісалі кіраўнікі парламенцкіх камітэтаў па замежных справах Вялікабрытаніі, Германіі, Ірландыі, ЗША, Іспаніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Францыі, Чэхіі і Эстоніі.

belapan.by