Ці ведаюць на Гарадзеншчыне пра беларусаў Падляшша?



Што ў Беларусі ведаюць пра беларусаў Падляшша? Такое пытанне, між іншымі, прагучала ў час сустрэчы журналістаў з Гарадзеншчыны з прадстаўнікамі нацыянальнай меншасці, якая прайшла ў Склепе з культурай у пачатковай школе №4 у Беластоку.

Спачатку гасцей знаёмілі з беларускімі арганізацыямі. Так, настаўніца Аліна Ваўранюк распавяла пра дзейнасць аб’яднання бацькоў “АБ-БА”:

Аб’яднанне бацькоў у карысць дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову “АБ-БА” ўзнікла афіцыйна ў 2006 годзе. Але, шчыра кажучы, бацькі пачалі аб’ядноўвацца яшчэ ў той час, калі будучы маладымі людзьмі закончылі ўніверсітэты, у іх нарадзіліся дзеці, і бацькі прыдумалі, што калі яны самі вывучалі беларускую мову, то добра, каб іх дзеці таксама яе вывучалі.

Ганна Пякарская, старшыня Беларускага Аб’яднання Студэнтаў:

Сапраўды, цяпер у БАСе амаль усе выпускнікі – гэта былыя навучэнцы настаўніцы Аліны Ваўранюк. Нашай галоўнай задачай з’яўляецца Фестываль музыкі маладой Беларусі, які адбудзецца ў Гарадку 17-18 ліпеня.

Праграмны дырэктар Беларускага Радыё Рацыя Юры Ляшчынскі распавёў пра працу радыё і яго скіраванасці да слухачоў па абодва бакі мяжы.

Рэдактар “Твайго Стылю” Вітаўт Руднік з Гародні спытаў, ці адчуваюць беларусы на Падляшшы некія праявы варожасці ў дачыненні да іх на нацыянальнай глебе.

Аліна Ваўранюк:

Не, не адчуваем. Калі мае дзеці былі малыя, і мы часам у школу ездзілі аўтобусам, то ніхто не глядзеў на нас неяк дзіўна, калі мы гаварылі па-свойму, ніхто не глядзеў дзіўна, калі ў аўтобусе я чытала “Ніву”. Хоць цяпер здараліся выпадкі замалёўвання беларускіх назваў.

Аксана Сівадзедава, рэдактарка гарадскога часопіса “Твой горад Гродна”, была ўражана вялікай колькасцю беларусаў, якую сустрэлі журналісты ў час свайго візіту на Падляшша, у тым ліку ў мясцовасцях Саколка і Крынкі. На гэта адрэагаваў Юры Ляшчынскі:

У часы Польскай Народнай Рэспублікі пра беларусаў не гаварылі, не гаварылі пра шматкультурнасць і шматнацыянальнасць Падляшша. Таму, калі ў 1980-90-ыя гады гэтая інфармацыя з’явілася, многія здзівіліся, скуль тут узяліся беларусы. Людзі маглі быць 20 гадоў суседзямі і не ведаць, што побач увесь час жывуць палякі і беларусы.

РР: Ці шмат пішуць СМІ на Гарадзеншчыне пра беларусаў з Падляшша? Ёсць адчуванне, што многія беларусы прыязджаюць і здзіўляюцца, што на Падляшшы жывуць не толькі палякі…

Іна Максімчык, газета “Вячэрні Гродна”:

Мы пісалі пра беларусаў з Падляшша, пісалі пра беларускі садок і беларускі ліцэй. Але праблема ў тым, што не шмат цяпер моладзі хоча навучацца па-беларуску, таму, канешне, мы не шмат пішам, бо для гэтага патрэбная інфармацыйная нагода. Але я не пагаджаюся з тым, што на Гарадзеншчыне не ведаюць пра беларусаў Падляшша.

Вітаўт Руднік, “Твой Стыль”:

– Зрэдку нешта піша “Вячэрні Гродна”, часам тэлебачанне рэгіянальнае прыедзе і здыме нейкі сюжэт пра беларусаў Падляшша. Але гэтага не шмат. І цяжка вымагаць ад уладаў, якія не зацікаўленыя ў сябе ў развіцці беларускай мовы і культуры, што яны будуць вельмі цікавіцца жыццём беларусаў на Падляшшы. Але тут праблема з абодвух бакоў. Можа і мы, у тым ліку журналісты, не шмат цікавімся беларусамі за мяжой, але з іншага боку і да нас прыходзіць мала інфармацыі пра тое, што адбываецца на Падляшшы.

“Яшчэ адна перашкода – гэта мяжа, якая таксама стварае перашкоды ў камунікацыі”, – дадае Вітаўт Руднік.

Журналісты з Гарадзеншчыны наведваюць Падляшша ў межах візіту, арганізаванага Дэпартаментам супрацы з замежжам Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства і Генеральным консульствам Польшчы ў Гародні. З 16 па 18 сакавіка яны знаёмяцца з турыстычным патэнцыялам Падляшскага рэгіёна, жыццём нацыянальных меншасцяў і працай недзяржаўных арганізацый.

IMG_4236

IMG_4237Vitaut-Rudnik

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі