Алесь Краўцэвіч: Самакіраванне ў Беларусі пад кіраўніцтвам Лукашэнкі знішчанае
У Гародні 515 гадоў таму адбылася значная падзея для развіцця мясцовага самаўраду. Вялікі князь Аляксандр Казіміравіч надаў Гародні поўнае Магдэбургскае права. Пра той час наш карэспандэнт Якуб Сушынскі размаўляе з даследчыкам Сярэднявечча, прафесарам Алесем Краўцэвічам.
РР: У гэтыя дні Гародня атрымала поўнае Магдэбургскае права, у 1496 годзе. Што ўвогуле нясло Магдэбургскае права, што яно нясе і якія яно мае наступствы для нашага жыцця, а таксама для нашага пакалення? З чаго варта браць прыклад, а што з’яўляецца для нас нейкім урокам?
Алесь Краўцэвіч: Ключавое слова ў гэтым паняцці – гэта самакіраванне. То бок нейкая супольнасць людзей атрымлівае самакіраванне. У нас у Вялікім Княстве Літоўскім самакіраванне магло быць і па сацыяльнай прыкмеце, гэта як для гарадоў, так і для нейкіх сялянскіх абшчынаў. Па нацыянальнай прыкмеце, як напрыклад, для габрэяў, або для татараў. Было такое самакіраване. Калі казаць пра Магдэбургскае права, то гэта менавіта гарадское самакіраванне. І гэта была не першая форма самакіравання ў Беларусі. Несумненна існавалі свае ўласныя. Яшчэ ад ранняга Сярэднявечча вядома, што ў ХІ-ХІІІ стагоддзях, у так званы перыяд старажытнай Русі, усе нашы гарады мелі самакіраванне. Гэта ў летапісах прасочваецца – падзел: тысяцкі, які камандаваў гарадскім апалчэннем, соцкі, дзясяцкі. Былі падзеленыя адміністрацыйныя адзінкі, але Магдэбургскае права – гэта трошкі іншае.
РР: Спадар Алесь, як тут не ўзгадаць спробы сёння ў Беларусі перафарматаваць неяк гэты наратыў таго, што грамадзяне, жыхары самі маюць права вырашаць свой лёс, лёс сваёй зямлі, сваёй будучыні на нейкі ўсходні наратыў, у які заахвочваюцца. Наш кіраўнік глядзіць цяпер на кітайскую мадэль. Наколькі яна адпавядае прыродзе беларусаў?
Алесь Краўцэвіч: Калі казаць пра самакіраванне ў Беларусі пад кіраваннем Лукашэнкі – гэтае самакіраванне проста знішчанае, яго няма. То бок мы адкінутыя на тысячагоддзі назад у гісторыі. Таму што ў Беларусі існуе так званая прэзідэнцкая вертыкаль. Усе начальнікі, пачынаючы ад раёнаў і гарадоў, прызначаюцца прэзідэнтам. Яны прызначаюцца, іх не выбіраюць людзі.
На чым заснаваная сама ідэя самакіравання? На тым, што людзі, па-першае, ведаюць свае праблемы лепш, чым нейкі прысланы начальнік зверху ці збоку. Па-другое, яны знойдуць спосабы гэтыя праблемы вырашыць прасцей і лягчэй, і больш эканомна, чым дзяржава.
РР: І менш канфліктна?
Алесь Краўцэвіч: Менш канфліктна – я не скажу, усялякае бывае. Наадварот самакіраванне, дэмакратыя азначае канфлікты і спрэчкі, толькі вырашаць іх трэба па-рознаму, цывілізавана, на аснове перамоваў і кансэнсусу, а можна на аснове загада ці плёткі. І па-трэцяе, у гэтым самакіраванні, што вельмі важна, яно здымае з галавы цэнтральнай улады вельмі шмат клопатаў. Вось, напрыклад, з тым жа самакіраваннем па Магдэбургскім праве. Гарады атрымліваюць права выбіраць сваю ўладу, магістрат, суд. На гарады накладваюцца падаткі, агульная сума, падатак ваенны – колькі горад павінен выстаўляць вершнікаў ці пехацінцаў. А ўжо ўнутры горада гараджане самі размяркоўваюць, якому падворку, якой сям’і, якому пану ці якому мяшчаніну колькі плаціць у гарадскі бюджэт. Гэта ж колькі эканоміі сілы, часу, працы для цэнтральнай улады!
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя