Хто “забівае” беларускую лёгкую прамысловасць?



Былы кіраўнік прадпрыемства “Амкадор” Васіль Шлындзікаў мяркуе, што гэтае пытанне трэба адрасаваць ураду, а не ІП.

Падчас размовы з індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў менскім гандлёва-забаўляльным цэнтры „Экспабел” Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ён заклапочаны сітуацыяй ў лёгкай прамысловасці „з-за няроўных умоваў працы” ў параўнанні з ІП.

Па яго словах, айчынная лёгкая прамысловасць менш канкурэнтназдольная, у параўнанні з прадукцыяй, якую прадпрымальнікі прывозяць з замежжа. У выніку гэтая прамысловасць „фактычна знікае”.

Васіль Шлындзікаў: Такую сітуацыю ў народзе называюць “перакласці праблемы з хворай галавы на здаровую”. Разумееце, чалавека нельга прымусіць купляць той ці іншы тавар – імпартны ён альбо айчынны. Чалавек сам выбірае, што ён хоча набыць. І пры гэтым у першую чаргу зыходзіць са спалучэння кошту і якасці. А тут ужо прэтэнзіі не да ІП. Дарэчы, такія ж прадпрымальнікі ёсць і Польшчы, і ў Літве, і яны, аказваецца, не “забіваюць” сваю лёгкую прамысловасць. А вось у нас – усё наадварот. Хоць найперш трэба казаць, што яе забівае прамысловасць, якая не мадэрнізуецца і не працуе ў рыначных умовах. На дзяржаўных прадпрыемствах у многіх выпадках ігнаруецца любая ініцыятыва, а нярэдка за гэта і караюць. Таму прадпрымальнікі тут абсалютна ні пры чым. І нават калі іх наогул не будзе, то сітуацыя не выправіцца. У гэтым выпадку больш пашэнціць нашым суседзям – палякам і літоўцам, бо народ паедзе за таварам туды.

РР: Па сутнасці, улада афіцыйна прызнала, што айчынная прадукцыя лёгкай прамысловасці неканкурнтная ў параўнанні з замежнай?

Васіль Шлындзікаў: Так і ёсць. І замест таго, каб шукаць карэнныя прычыны таго, што адбываецца, знайшлі вінаватых у асобе малога бізнесу. Гэта ж прасцей – на іх спаслацца. Пакуль разбяруцца, чыноўнікі, якія адказваюць за развіцё лёгкай прамысловасці, ужо будуць на пенсіі. Што ў іх, галава павінна балець за сёняшнія праблемы?

РР: Чаму тады пытанне пра заняпад лёгкай прамысловасці кіраўнік краіны адрасуе не ўраду, а прадпрымальнікам?

Васіль Шлындзікаў: Дык сам жа ўрад і цісне на малы бізнес. Давялі, пераканалі, хто вінаваты ў заняпадзе. Акрамя таго, хапае лабістаў, звязаных з буйным бізнесам, які спіць і бачыць, калі знікне апошні прадпрымальнік. Таму змагацца ІП будзе вельмі складана. Калі, наогул, магчыма. Хоць, паўтаруся, галоўная праблема не ў гэтым.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота interfax.by