Беларускі ПЭН-цэнтр працуе для Беларусі



Ва ўмовах ліквідацыі незалежнай медыясферы ў Беларусі, не знікае пагроза і для існавання сектара беларускіх грамадскіх арганізацый. У зоне рызыкі апынуўся і Беларускі ПЭН-цэнтр, якому Мінюст выставіў патрабаванне прайсці поўную праверку дзейнасці.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з «Госцяй Рацыі» намесніцай старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру Таццянай Нядбай пра тое, як зараз працаваць грамадскай арганізацыі ў сучаснай Беларусі і наколькі палітычны крызіс у краіне паўплываў на беларускую літаратуру ў цэлым.

РР: Спадарыня Таццяна, на фоне грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі як пачувае сябе беларускі ПЭН-цэнтр, і які шлях ён абірае на сённяшні дзень?

– Мы насамрэч, знаходзячыся ў грамадска-палітычным крызісе, у агульных умовах яшчэ й сталі аб’ектам маніторынгу Мінюста на прадмет адпаведнасці нашай дзейнасці статуту і заканадаўству. У нас ужо, як Вы напэўна ведаеце, тройчы запытвалі дакументы, тройчы мы іх прадастаўлялі, дадатковыя дакументы таксама прадастаўлялі. У некаторых выпадках запытаныя дакументы не канкрэтызаваліся, таму магло дайсці да сітуацыі, калі мы прадстаўлялі дакументы, якія на нашу думку з’яўляюцца адказам на запыт, а Мінюст патрабуе нешта іншае. Гэта сведчыць толькі пра тое, што яны пачалі такі маніторынг у дачыненні да чарговай арганізацыі, і недастаткова валодаюць інфармацыяй пра дзейнасць кожнай з гэтых арганізацыяў, таму высылаюць тыпавыя запыты, крыху адаптуючы іх пад спецыфіку дзейнасці кожнай. Але тут нам шанцуе: звычайна палітычныя матывацыі для праверак цяжка даказаць, а тут мы маем простыя указанні „пусціць пад нож”. Гэтыя указанні прагучалі ў эфіры дзяржаўных СМІ, і таму канешне нічога добрага ад гэтага маніторынгу мы не чакаем.

Яшчэ трэба сказаць, што штогод мы дасылаем Мінюсту справаздачу- інфармацыю аб працягу дзейнасці, і да нас раней не паступала аніякіх заўваг. З іншага боку мы разумеем, што можам не датрымаць усіх тонкасцяў справаводства, але пры гэтым заўсёды гатовыя іх выправіць, і некаторыя гэтыя недахопы самі заўважалі і выпраўлялі. Калі Мінюст зацікаўлены ў тым, каб паспрыяць наладжваню такога справаводзства ў ПЭНе, то мы з удзячнасцю паставімся да ўсіх рэкамендацыяў і выправім магчымыя недахопы, але падазраю, што мэта Мінюсту зусім у іншым. Які шлях мы абралі? Мы працягваем нашу дзейнасць, і будзем працягваць яе, нават калі нас будуць імкнуцца пазбавіць легальнага статусу, бо тое, што мы робім, мы робім не дзеля Мінюсту, а дзеля краіны і грамадства, як бы пафасна гэта не гучала, і ад сваёй місіі мы не збіраемся адмаўляцца.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

З Госцяй Рацыі, намесніцай старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру Таццянай Нядбай камунікавала Вольга Сямашка.

 

Беларускае Радыё Рацыя.