У Літве кажуць, што выявілі датычных да плыні нелегалаў



Літва ўстанавіла датычных да арганізацыі патоку нелегальных мігрантаў праз Беларусь. Пра гэта, як паведамляе LRT, заявіў міністр абароны Арвідас Анушаўскас.

— Мы вызначылі як арганізатараў, так і выканаўцаў, а таксама звязаныя з гэтым кампаніі, установы і арганізацыі, — заявіў Анушаўскас.

Паводле яго слоў, «гэтыя людзі карыстаюцца добразычлівасцю дзяржаўных чыноўнікаў для правядзення гэтай кампаніі».

Анушаўскас таксама распавёў, што затрыманыя пацвярджаюць, што іх інструктуюць, як правільна пераходзіць мяжу.

— Яны самі сведчаць аб тым, што людзі ў камуфляжнай форме даюць ім інструкцыі, кажуць ім, як знішчаць дакументы, як праводзяць апытанні, якія адказы даваць.

Міністр дадаў, што ўключэнне датычных да арганізацыі патоку нелегальных мігрантаў асоб і арганізацый у санкцыйны спіс ЕЗ — «пытанне часу».

Між тым памежная служба Літвы паведамляе, што за мінулыя суткі за незаконнае перасячэнне мяжы затрымалі 56 чалавек. Усяго ж з пачатку года затрыманыя 1716 чалавек, што ў 20 разоў больш, чым у 2020 годзе.

Паводле Zerkalo.io