Пра адзіны народ, які зусім не адзіны



Без мяне мяне жанілі, як той казаў. Вось так жывеш сабе, а потым аднойчы прачынаешся і табе спрабуюць даказаць, што ты з рускімі – адзіны народ. Прычым сыходзіць дадзенае сцвярджэнне не ад гісторыка, не ад антраполага, а ад выпускніка юрыдычнага факультэта Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта, які працаваў па лініі контрвыведкі ў следчым аддзяленні Ленінградскага ўпраўлення КДБ. Спецыялістаў шырокага профілю рыхтавалі на юрыдычным факультэце Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Цікава, а наступны артыкул будзе прысвечаны таму, як найлепш лячыць зубы стаматолагам? Ну, а што?! Калі Уладзімір Уладзіміравіч — спецыяліст у гісторыі, геапалітыцы і антрапалогіі, што піша цэлыя аналітычныя артыкулы на гэтыя тэмы, то чаму б не ўзяцца і за медыцыну? Ці, напрыклад, напісаць артыкул па квантавай фізіцы.

Сучасны збіральнік земляў рускіх, падпалкоўнік КДБ і па сумяшчальніцтве кіраўнік суседняй краіны напісаў вельмі шмат літар на тэму таго, што рускія і ўкраінцы – адзіны народ. Ну, і беларусы з кампанію таксама. У сваёй аргументацыі аўтар сягае ажно ў гісторыю Кіеўскай Русі. Добра, што не да нараджэння Хрыста. Карацей, пакінем гісторыкам спрачацца з падпалкоўнікам КДБ. Цікава іншае: навошта ўвогуле з’явіўся гэты артыкул “Аб гістарычным адзінстве рускіх і ўкраінцаў”? Наўрад ці які-небудзь сярэднестатыстычны рабочы Чалябінскага трактарнага заводу будзе яго чытаць. Маладое пакаленне ўвогуле засне над гэтымі развагамі. Такое адчуванне, што тэст напісаны проста дзеля таго, каб пазлаваць украінцаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ