Гародня: у абласным судзе разгледзелі скаргу Hrodna.life
Гарадзенскае выданне Hrodna.life спрабавала абскардзіць вялізны штраф за перадрук экстрэмісцкіх матэрыялаў у абласным судзе Гарадзенскай вобласці.
Пра вынік судовага пасяджэння распавядае галоўны рэдактар выдання Аляксей Шота:
– Суддзя літаральна за некалькі хвілін разгледзеў гэтую справу. Ён задаваў дзяжурныя пытанні: з чым я нязгодны? Нязгодны я быў з многімі рэчамі, напрыклад, дакументы былі кепска падрыхтаваныя міліцыяй яшчэ да першага суда. Няправільная дата на адным з дакументаў, не было майго подпісу, хоць ён павінен быць абавязковым. Суддзя нават не звярнуў увагі, таксама і на мае доказы пра тое, што адбылася тэхнічная памылка, што не было намеру распаўсюджваць экстрэмісцкія матэрыялы. Наадварот – мы самі нашмат раней, чым міліцыя мела прэтэнзіі, гэта выдалілі без іх звароту.
Па словах журналіста, выданне плануе далей абскарджваць па інстанцыях судовыя рашэнні аб вялікіх штрафах:
– Будзем абавязкова абскарджваць у абласным судзе ў рамках нагляду старшыні абласнога суда, потым – у Вярхоўным судзе. Гэта два разы па паўгода, фактычна год маем на ўсё гэта. А далей – абавязкова ў міжнародных інстанцыях, бо даволі дзікія, незвычайныя такія абсурдныя рашэнні варта даводзіць да міжнароднага ўзроўню.
Цягам апошніх трох месяцаў выданне Hrodna.life прайшло праз цэлую хвалю рэпрэсій: некалькі ператрусаў і велічэзных штрафаў, а адна з рэдактарак выдання Ірына Новік правяла за кратамі трое сутак.
Беларускае Радыё Рацыя