Колькасць беларусаў у Польшчы працягвае расці



Колькасць беларусаў, якія прыязджаюць працаваць і жыць у Польшчу, надалей павялічваецца. Польская гаспадарка ахвотна прымае іншаземцаў, бо патрабуе шмат працоўных рук. 

Усё часцей на вуліцах Беластоку можна пачуць рускую мову. Варыянты тут два: або ўкраінцы, або беларусы. Праўда, даводзіцца часам пачуць і размовы па-беларуску. Вырашыла я глянуць, як на гэты момант агульна выглядае сітуацыя ў Польшчы, калі казаць пра іншаземцаў увогуле, і грамадзян Беларусі ў прыватнасці. Партал businessinsider падае наступную інфармацыю. На сёння каля 800 тысяч іншаземцаў легальна працуе ў Польшчы. Сярод іх каля паўмільёна – гэта грамадзяне Украіны. І гэта толькі тыя, якія плацяць страхавыя ўзносы ў так званы ZUS, але не кожная форма працаўладкавання ў Польшчы такія ўзносы прадугледжвае. У 2019 годзе іншаземцы выплацілі ў Фонд сацыяльнага страхавання каля 5,6 мільярдаў злотых, дадзеных за 2020 год пакуль няма. Гэта больш за тры працэнты ўсіх унёскаў у Фонд. Інакш кажучы, іншаземцы часткова працуюць на тыя пенсіі, якія сёння атрымліваюць людзі сталага ўзросту ў Польшчы. І адказваюць за паўпрацэнта польскага гаспадарчага росту.

Калі ж казаць менавіта пра беларусаў, то іх колькасць няспынна павялічваецца. Як паведамляе сайт Управы па справах іншаземцаў, колькасць грамадзян Беларусі, якія маюць дазвол на побыт у Польшчы, перакрочыла 30 тысяч чалавек. На працягу апошніх двух гадоў гэтая лічба вырасла на 50 працэнтаў. Пры гэтым большасць беларусаў маюць дазволы на сталы побыт. І што яшчэ цікава, большасць – гэта асобы ад 18 да 40 гадоў, то бок самага працаздольнага ўзросту. Афіцыйныя лічбы гавораць, што найбольш беларусаў асядае ў Мазавецкім ваяводстве – 34 працэнты, у Падляшскім – 20 працэнтаў, а таксама ў Люблінскім, Паморскім і Малапольскім. Канкрэтна на Падляшшы цяпер легальна працуюць і плацяць страхавыя ўнёскі 7600 беларусаў, украінцы – другая па колькасці група, іх 7 тысяч чалавек. Звычайна людзі едуць туды, дзе ёсць праца. Пачынаючы з мінулагодніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, павялічылася і колькасць беларусаў, якія просяць у Польшчы міжнародную абарону. Па стане да канца сакавіка бягучага года такія ўнёскі падалі больш за 630 нашых суайчыннікаў. Праўда, усе агучаныя мною лічбы не ўлічваюць асоб, якія знаходзяцца ў Польшчы часова на падставе візаў, альбо на падставе часовага побыту, тэрмін важнасці якога быў падоўжаны з увагі на эпідэмічны стан. Так што рэальныя лічбы, верагодна, значна вышэйшыя.

Калі ў Польшчу беларусы едуць з розных прычынаў, у тым ліку ўцякаючы ад пераследу, то ў Польшчы ім найперш рады з увагі на прыезд працоўнай сілы. Лічыцца, што кожны год у краіне на 200 тысяч змяншаецца колькасць работнікаў на рынку працы, а таму гаспадарка адчувае недахоп працоўных рук. Даецца ў знакі і дэмаграфічная сітуацыя. Але як зазначаюць польскія прадпрымальнікі, для іх важна, каб іншаземцы прыязджалі надоўга, а лепей – назаўсёды. Тады гэта сапраўды надзейная інвестыцыя, і дадатак да польскага ВУП.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя