„Наша Ніва” спыніла працу рэдакцыі ў Беларусі з меркаванняў бяспекі
„Наша Ніва” спыніла працу рэдакцыі ў Беларусі з мэтай бяспекі, паведаміла на прэс-канферэнцыі 13 ліпеня дырэктар выдання Анастасія Роўда.
„Цяпер каманда ў стрэсе. Частка застаецца ў Беларусі, яны не працуюць у дадзены момант. Частка знаходзіцца за мяжой. На шчасце, калі да нас прыйшлі, супрацоўнікі за мяжой змаглі падхапіць задачы і аператыўна заняцца працай, мы трохі перагрупаваліся”, — сказала яна.
Паводле слоў Роўды, супрацоўнікам, якія засталіся ў краіне, рэдакцыя дала час падумаць, ці гатовыя яны пераехаць за мяжу, каб працягнуць працу. „Наша задача — стварыць умовы, каб рэдакцыя ў нейкім новым фармаце адрадзілася не ў Беларусі”, — заявіла Роўда.
Таксама яна паведаміла, што каманда „НН” працуе над аднаўленнем сайта выдання.
На думку Роўды, апошнія дзеянні ўладаў кажуць пра тое, што ў Беларусі фактычна ўведзеная забарона на прафесію.
„Працаваць журналістам незалежнага выдання ўнутры краіны раўназначна самагубству. Ты проста ідзеш у турму пад крымінальны артыкул, — заявіла журналістка. — Для нас было важна заставацца са сваім народам да апошняга, і мы гэта рабілі. Але цяпер, калі чацвёра нашых калег за кратамі, гэта немагчыма. Вядома, мы думаем пра варыянт працягваць працу за мяжой, як бы нам ні было сумна пра гэта думаць. Мы хацелі б жыць у сваёй краіне, і для нас вялікая трагедыя, што мы сёння павінны думаць пра тое, як з’ехаць з краіны, а не пра тое, як вярнуцца туды хутчэй”.
Раніцай 8 ліпеня сайт nn.by быў заблакаваны паводле рашэння Міністэрства інфармацыі „на падставе апавяшчэння Генпракуратуры ў сувязі з размяшчэннем інфармацыі, распаўсюджванне якой забароненае пунктам 1 артыкула 38 закона Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі”.
У гэты ж дзень адбыліся вобшукі ў рэдакцыі, офісе бухгалтэрыі і дома ў чатырох супрацоўнікаў „НН”, якія пасля былі затрыманыя — гэта галоўны рэдактар Ягор Марціновіч, кіраўнік аддзела маркетынгу і рэкламы Андрэй Скурко, галоўны бухгалтар Вольга Раковіч і галоўрэд „Нашай гісторыі” Андрэй Дынько. Яны падазраюцца ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Вобшукі праходзілі па гэтым і 293-м артыкуле (масавыя беспарадкі). Усіх чатырох праваабаронцы прызналі палітвязнямі.
13 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу на сустрэчы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі вядзецца актыўная работа ў адносiнах да некамерцыйных арганізацый і „так званых заходніх СМІ”. „Якія тут дэмакратыю нам дарылі, а фактычна ўкаранялі. І не дэмакратыю, а вось гэты вось тэрор, — цытавала Лукашэнку яго прэс-служба. — Вы павінны разумець, што мы проста не можам інакш. Чым яны займаліся, зразумела. Яны фінансаваліся звонку. А мы ўсё думалі: ну добра, гэта ж дэмакратыя, давайце будзем размаўляць, супрацоўнічаць. Вось і атрымалі адпаведныя вынікі”.