СПЧ ААН яшчэ на год працягнуў мандат спецдакладчыка па Беларусі
Савет ААН па правах чалавека яшчэ на год працягнуў мандат спецдакладчыка па Беларусі Анаіс Марэн. Адпаведную рэзалюцыю прыняў СПЧ ААН 13 ліпеня, у апошні дзень сваёй летняй сесіі ў Жэневе.
За прыняцце дакумента прагаласавала 21 краіна, супраць — 7, устрымаліся — 19. Вынікі апублікаваныя на сайце СПЧ.
Згодна з дакументам, СПЧ просіць спецдакладчыка працягваць сачыць за развіццём сітуацыі ў Беларусі і падрыхтаваць даклады да 50-й сесіі Савета і 77-й сесіі Генасамблеі ААН (пройдуць у 2022 годзе).
СПЧ выказвае шкадаванне з нагоды „неадэкватнага адказу і адсутнасці супрацоўніцтва з боку ўладаў Беларусі” ў сувязі з раней прынятымі Саветам рэзалюцыямі і рэкамендацыямі па Беларусі, уключаючы просьбу аб допуску ў Беларусь краінавага спецдакладчыка.
„Савет выказвае глыбокую занепакоенасць беспрэцэдэнтнай эскалацыяй парушэнняў правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі, асабліва ўзмацненнем несуразмерных і дыскрымінацыйных абмежаванняў свабоды мірных сходаў, асацыяцый і выказвання меркаванняў, што прыводзіць да сістэматычных пераследаў, запалохвання і рэпрэсій грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, уключаючы масавыя адвольныя арышты і затрыманні журналістаў і іншых супрацоўнікаў СМІ, праваабаронцаў, медыцынскіх работнікаў, юрыстаў, работнікаў культуры, настаўнікаў, студэнтаў, прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў, людзей, якія выказваюць адметнае меркаванне, членаў прафсаюзаў і страйкавых камітэтаў”, — гаворыцца ў рэзалюцыі.
Выказваецца „сур’ёзная заклапочанасць” у сувязі з паведамленнямі пра „сістэматычныя і шырока распаўсюджаныя катаванні і іншыя віды абыходжання, якія з’яўляюцца жорсткімі, бесчалавечнымі ці прыніжаюць годнасць, а таксама пра сэксуальны і гендарны гвалт у адносінах да асобаў, затрыманых і арыштаваных у Беларусі, у тым ліку дзяцей (маюцца на ўвазе непаўналетнія. — БелаПАН.)”, у сувязі з паведамленнямі аб неналежных санітарных умовах у месцах зняволення і перашкодах у доступе адвакатаў да затрыманых.
„СПЧ настойліва заклікае ўлады Беларусі цалкам паважаць, абараняць і выконваць усе свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, у тым ліку ў адпаведнасці з Міжнародным пактам аб правах чалавека і Канвенцыяй супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжальных відаў абыходжання і пакарання”, — адзначаецца ў дакуменце.
У рэзалюцыі асуджаецца вымушаная пасадка ў Менску самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair і наступны арышт блогера Рамана Пратасевіча і яго спадарожніцы Сафіі Сапегі. СПЧ заклікае да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення.
У дакуменце таксама згадваюць змены ў законы Беларусі, у тым ліку закон аб СМІ, закон аб масавых мерапрыемствах і закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму, якія яшчэ больш абмяжоўваюць свабоду меркаванняў і іх выказвання, а таксама мірных сходаў, што парушае міжнародныя стандарты. СПЧ настойліва заклікае ўлады краіны „забяспечыць спрыяльныя ўмовы для функцыянавання сапраўды незалежных сродкаў масавай інфармацыі, уключаючы бесперашкодны доступ да адкрытага, надзейнага і бяспечнага інтэрнэту”.
У рэзалюцыі ўтрымліваецца патрабаванне аб „неадкладным і безумоўным вызваленні ўсіх асоб, адвольна або незаконна затрыманых у Беларусі, у тым ліку палітычных зняволеных, журналістаў і іншых супрацоўнікаў СМІ, праваабаронцаў, медыцынскіх работнікаў, юрыстаў, работнікаў культуры, настаўнікаў, студэнтаў, прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў, членаў прафсаюзаў і страйкавых камітэтаў”. „СПЧ патрабуе, каб улады Беларусі неадкладна спынілі крымінальны або адміністрацыйны пераслед, запалохванне і рэпрэсіі ў дачыненні да ўсіх асоб, якія ажыццяўляюць свае правы чалавека і асноўныя свабоды”, — гаворыцца ў рэзалюцыі.
Акрамя таго, СПЧ лічыць неабходным правесці „аператыўнае, эфектыўнае, дбайнае, празрыстае і бесстаронняе расследаванне”, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці „ва ўсіх выпадках меркаваных парушэнняў і злоўжыванняў у галіне правоў чалавека, асабліва тых, якія звязаныя са смерцю, адвольнымі затрыманнямі, катаваннямі і жорсткім абыходжаннем” з затрыманымі і забяспечыць ахвярам пакрыццё шкоды, прававую абарону і рэабілітацыю.
Да беларускіх улад звернуты настойлівы заклік прыняць меры для забеспячэння поўнай незалежнасці і бесстароннасці судовай улады, а таксама незалежнасці адвакатуры.
СПЧ заклікае Беларусь правесці ўсеабдымную рэформу выбарчай сістэмы і ліквідаваць „даўнія сістэмныя недахопы” ў адпаведнасці з рэкамендацыямі, зробленымі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, Венецыянскай камісіяй і спецдакладчыкам.
Выказваецца шкадаванне ў сувязі з дыскрымінацыяй асоб, якія знаходзяцца ва ўразлівым становішчы, у тым ліку жанчын, ЛГБТІ, людзей з абмежаванымі магчымасцямі і прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў.
Зноў прагучаў заклік да беларускіх улад стварыць нацыянальную праваабарончую ўстанову (інстытут омбудсмена).
СПЧ глыбока заклапочаны ў сувязі з захаваннем смяротнага пакарання ў краіне і рэкамендуе яе адмяніць.