Пасля ператрусаў офісы грамадскіх арганізацый і партый апячатаныя (абноўлена)



Пасля ператрусаў офісы грамадскіх арганізацый і партый апячатаныя. Ператрус у офісе ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” скончаны. Офіс апячатаны, канфіскаваная тэхніка.

Барыс Пятровіч і Сюзанна Паўкштэла на свабодзе, пад падпіскай аб неразгалошванні. Таксама прайшоў ператрус у кватэры Барыса Пятровіча. З яго ўзята падпіска і аб нявыездзе. Таксама пасля ператрусу апячаталі офіс Руху “За Свабоду”.

Сястры Валянціна Стэфановіча паведамілі, што праваабаронцу “Вясны” павезлі на допыт у СК і затрымліваюць на 72 гадзіны.

Беларускае Радыё Рацыя

***

Ператрусы ў сераду адбываюцца ў праваабаронцаў розных арганізацый – найперш у прадстаўнікоў і сябраў „Вясны” – у Менску, Гародні, таксама ў менскім БХК, Human Constanta ды іншых. У офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў выламалі дзверы, туды прыйшлі сілавікі. Таксама прыйшлі і ў Згуртаванне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Ператрус у Менску прайшоў і ў офісах асветніцка-грамадскага аб’яднання „Фонд імя Льва Сапегі” і Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

У Барысаве затрымалі праваабаронцу Алега Мацкевіча. Па папярэдняй інфармацыі, яго павезлі ў Следчы камітэт у Менск, паведамляе ex-press.by. Правялі ператрус і затрымалі былую сябру „Вясны” Марыну Статкевіч. Яна доўга працавала разам з Алегам Мацкевічам. Сілавікі прыйшлі да праваабаронцы „Вясны” са Смаргоні Аляксандра Дзергачова. У яго адбываецца вобшук.

У Оршы сілавікі забралі і кудысці павезлі рэдактара мясцовага партала orsha.eu і праваабаронцу Ігара Казмерчака, паведамляецца ў сацсетках выдання. Казмерчака ўжо затрымлівалі 8 ліпеня, тады ў яго дома прайшоў ператрус. Праз трое сутак журналіста выпусцілі з СІЗА.

Таксама вядома пра новыя ператрусы ў рэгіёнах: у Берасці ў праваабаронцы Кірыла Кафонава з Human Constanta і ў кіраўніка ячэйкі свабоднага прафсаюзу з Полацку і сябры Полацкага праваабарончага таварыства Міколы Шараха. У офісе Беларускага Хельсінкскага камітэту таксама ламаюць дзверы. Пра гэта паведаміў старшыня БХК Алег Гулак.

У грамадскіх дзеячаў Тамары Мацкевіч (Таварыства беларускай школы) і Сяргея Мацкевіча (Цэнтр „Супольнасць”) прайшлі ператрусы.

З раніцы 14 ліпеня сілавыя структуры пачалі ламацца ў кватэры вядомых беларускіх праваабаронцаў  з мэтай ператрусаў. Вядома, што ў Менску сілавікі прыйшлі ў кватэру Уладзіміра Лабковіча. Пра гэта ён паспеў паведаміць у фэйсбуку. Пасля ператрусу Уладзіміра разам з жонкай Нінай павезлі ў ДФР. Потым Уладзіміра і Ніну Лабковічаў павезлі на допыт у Следчы камітэт. У іх трое непаўнагадовых дзяцей.

Уладзімір Лабковіч

Таксама прыйшлі з ператрусам да Валянціна Стэфановіча. Пасля ператрусу яго затрымалі. Прыходзілі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследванняў. У пастанове на ператрус значылася два артыкулы Крымінальнага кодэкса: 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў). Верагодна, іншыя праваабаронцы, да якіх сёння прыйшлі з ператрусам, праходзяць па гэтых жа артыкулах.

Пазней сястры Валянціна Стэфановіча паведамілі, што праваабаронцу «Вясны» павезлі на допыт у Следчы камітэт. Ён будзе затрыманы на 72 гадзіны!

Валянцін Стэфановіч

Пазней прыйшла інфармацыя пра ператрус у журналіста Сяргея Сыса. Пасля ператрусу Сыса таксама затрымалі.

Сяргей Сыс

Сёння ў 7:30 раніцы прайшоў ператрус у праваабаронцы „Вясны” Алены Лапцёнак. У пастанове на ператрус значыліся: ч.1 і 2 арт. 342 і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса. Алену павезлі ў Следчы камітэт. Невядома, у якім яна статусе.

Алена Лапцёнак

Ператрус таксама ў менскай праваабаронцы Вольгі Смалянкі.

Вольга Смалянка

Месцазнаходжанне кіраўніка праваабарончага цэнтру „Вясна” Алеся Бяляцкага невядомае, ён не выходзіць на сувязь. Хутчэй усяго лідар „Вясны” затрыманы.

Ператрус таксама прайшоў у праваабаронцы, каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэя Палуды. Пасля яго павезлі для ператрусу на пляцоўку «Тэрыторыя правоў».

Андрэй Палуда

У Гародні прадстаўнікі дэпартаменту фінансавых расследаванняў прыйшлі да Віктара Сазонава. Ён паспеў паведаміць, што яму ламаюць дзверы ў кватэру. Ператрус у Віктара Сазонава доўжыўся каля дзвюх гадзін, забралі кампутары і тэлефоны. Самога праваабаронцу затрымалі і павезлі – магчыма на допыт, наколькі і ў якасці каго затрымалі – невядома. 

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё Рацыя