«Шахцёр» вылецеў з Лігі чэмпіёнаў



Салігорскі «Шахцёр» у намінальна хатнім матчы ў Бялградзе саступіў у матчы ў адказ балгарскаму «Лудагорцу» і вылецеў з Лігі чэмпіёнаў. Матч скончыўся з лікам 1:0. Адзіны гол у браму «Шахцёра» на 71-й хвіліне забіў Кірыл Дзеспадаў. Адмена правіла гасцявога гола, якая дзейнічае з цяперашняга еўракубкавага сезону, пакідала «Шахцёру» шанцы: для спрыяльнага зыходу не трэба забіваць тры – два мяча перавялі бы гульню ў авертайм, бо першы матч балгары выйгралі забіўшы таксама адзін гол. Але Салігорск пасля прапушчанага гола не змог арганізаваць навалы на браму суперніка. Зараз «Шахцёр» звальваецца ў другі раўнд кваліфікацыі Лігі канферэнцый – у трэцім па значнасці еўракубку чэмпіёнаў Беларусі чакае люксембургская «Фола».

Іван Маеўскі перайшоў у „Цэле”

Паўабаронца футбольнай зборнай Беларусі Іван Маеўскі перайшоў у славенскі клуб „Цэле”. У мінулым сезоне 33-гадовы беларус выступаў у складзе аўтсайдэра расійскай прэм’ер-лігі „Ротара”. Да гэтага Іван Маеўскі стаў трохразовым чэмпіёнам Казахстана ў складзе „Астаны”, а раней заваяваў Кубак Беларусі, выступаючы за ФК „Менск”. У нацыянальнай зборнай Беларусі Іван Маеўскі правёў 42 матчы. У 2020 годзе футбалісты „Цэле” сталі чэмпіёнамі Славеніі, а ў мінулым сезоне фінішавалі восьмымі.

Вольга Гаварцова прайграла на турніры ў Лазане

Беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова пацярпела паразу на старце турніру катэгорыі WTA-250 у швейцарскай Лазане з прызавым фондам 235 тысяч даляраў. У паядынку 1/16 фіналу беларуска, якая займае 124-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіла расійскай тэнісістцы Ганне Блінковай, у якой 82-я пазіцыя, – 6:2, 4:6, 2:6. Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч выйшла ў 1/8 фіналу турніру катэгорыі WTA-250 ў Будапешце з прызавым фондам 235 тысяч даляраў. Першую партыю матчу з вугоркай Тымеа Бабош беларуска выйграла з сухім лікам 6:0. У другім сэце Сасновіч ўзяла яшчэ два геймы запар, пасля чаго суперніца вырашыла не працягваць сустрэчу. Беларускі тэнісіст Андрэй Васілеўскі і амерыканец Нікалас Манро выйшлі ў чвэрцьфінал парнага разраду турніру катэгорыі АТР-50 ў шведскім Бастадзе з прызавым фондам 419,4 тысяч еўра. У матчы 1/8 фіналу Васілеўскі і Манро за паўтары гадзіны перамаглі ў дзвюх партыях манакска-славацкі тандэм Рамэн Арнэодо / Ігар Зеленай – 7:6 (7:5), 6:4. У чвэрцьфінале беларуска-амерыканскі дуэт сустрэнецца з італьянска-іспанскай парай Марка Чекіната / Раберта Карбальес Баэна.

Беларускія гандбалісткі прабіліся ў 1/2 фіналу юніёрскага ЧЕ

Гандбалісткі юніёрскай зборнай Беларусі прабіліся ў паўфінал першынства Еўропы ў другім дывізіёне. У сваім другім паядынку папярэдняй групы А ў паўночнамакедонскім Скоп’е беларускі адолелі аднагодак з Польшчы з мінімальнай перавагай у ліку – 27:26. Самай выніковай у складзе пераможцаў стала Анастасія Сівуха, якая закінула 7 мячоў. Сваю заключную сустрэчу першага этапу беларуская каманда правядзе заўтра з аўтсайдарам зборнай Фінляндыі.