Ці змогуць улады правесці татальную зачыстку грамадзянскай супольнасці?
Некалькі дзён у Беларусі праходзіць спецаперацыя па знішчэнні структур грамадзянскай супольнасці. Сілавікі ўрываюцца ў жылыя памяшканні і працоўныя офісы, якія маюць дачыненне да дзейнасці прадэмакратычных грамадскіх аб’яднанняў і СМІ. Прычыны шматлікіх ператрусаў і арыштаў можна падзяліць на дзве групы: геапалітычныя і ўнутрыпалітычныя. Што да геапалітыкі, то арганізацыі трэцяга сектару і журналісты Беларусі сталі закладнікамі ў супрацьстаянні Захаду з рэжымам. Чым больш санкцый уводзіцца супраць кіраўніцтва РБ, тым больш жорстка ўлады дзейнічаюць у дачыненні да пазасталых дэмакратычных структур. Яшчэ не трэба выключаць фактар уплыву РФ на працэсы ў Беларусі. На фоне палітычнага крызісу ў нашай краіне Крэмль з дапамогай кіраўніцтва беларускай дзяржавы рэалізоўвае свае планы па паглыбленні інтэграцыі. І ў гэтым кантэксце існаванне праеўрапейскай супольнасці, якая ўплывае на фармаванне грамадскай думкі, з’яўляецца яўнай перашкодай. Адносна ўнутрапалітычных матываў “зачысткі” можна сказаць тое, што ўлада не ўяўляе, як вярнуць сітуацыю да “давыбарнай” кропкі, таму і прыбягае да адзінага даступнага ёй інструмента – рэпрэсій.
Збанкрутаваная ўлада, якая страціла давер і падтрымку большасці насельніцтва, адмаўляецца верыць у тое, што народ Беларусі вызначыўся з тым, што краіна мае патрэбу ў пераменах. Кіраўніцтва краіны па інэрцыі лічыць, што правал на выбарах абумоўлены “дэструктыўнай дзейнасцю” апазіцыі. Па такім жа прынцыпе адбывалася змаганне з удзельнікамі антыдармаедскіх пратэстаў у 2017 годзе, калі ўладаахоўнікі ў мэтах супрацьдзеяння пратэстоўцам пачалі арыштоўваць прадстаўнікоў апазіцыі, якіх тады параўналі з “разынкамі ў булках, якія трэба выкалупліваць”.
Калі міністр замежных справаў Уладзімір Макей гаварыў пра тое, што ў адказ на санкцыі беларуская грамадзянская супольнасць перастане існаваць, ён насамрэч верыў у тое, што казаў. Паводле людзей, якія выйшлі з нетраў сілавых структур, грамадзянская супольнасць – гэта штучны і шкодны заходні канструкт. Калі адштурхоўвацца ад уяўленняў людзей з падобным светаўспрыманнем, становіцца зразумелым, што яны перакананыя ў тым, што дзяржава з яе рэпрэсіўным апаратам пры жаданні можа лёгка знішчыць грамадзянскую супольнасць. Але ім няўцям, што пазбаўленне рэгістрацыі альбо арышты лідараў у сучасным грамадстве, падобным на беларускае, прывядзе да ўзнікнення іншых форм актыўнасці. А на месца арыштаваных прыйдуць новыя асобы, з якімі сілавікі не будуць ведаць што рабіць. Знішчыць грамадзянскую супольнасць немагчыма па вызначэнні.
Сваімі дзеяннямі ўлада не прыбірае канкурэнтаў, а адкідае развіццё краіны на дзясяткі гадоў. Беларусь пазбаўляецца праслойкі актыўных лідараў, якія маглі б быць прыкладам для іншых грамадзянаў. Зрэшты, сучаснаму беларускаму рэжыму не патрэбныя ініцыятыўныя і матываваныя людзі. Яны хочуць мець у падпарадкаванні “чалавечы рэсурс”, які будзе іх толькі ўзбагачаць.