Томаш Вішнеўскі: На Беласточчыне цяжка раздзяліць габрэйска-польска-беларускую культуру
У Тыкоцінскай сінагозе у межах праекту «Штэтлфэст» адбылася сустрэча аб значэнні габрэйскай культуры на мяжы Беларусі і Польшчы. Пра важнасць захавання габрэйскай спадчыны, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі, кажа даследчык Томаш Вішнеўскі:
„У Беларусі я быў некалькі разоў. Канешне, старая сінагога ў Гародні мяне ўражвае, і там таксама быў некалькі разоў, на розных службах, на розных падзеях. Але таксама у такіх маленькіх мястэчках: у Сапоцкіне, Ізабэліне і гэтак далей. Яны сведчаць пра нас саміх. Калі пачынаем забываць пра магілы нашых суседзяў, то на самой справе забываем уласную гісторыю. Для мяне Беларусь- гэта наш брат, сястра, я хацеў бы туды ездзіць штодзённа. Калі бы мяжа была адчыненая, то я бы ўжо заўтра паехаў.”
Праект «Штэтлфэст» працягнецца 15-га ліпеня вечарынай і майстар-класамі па габрэйскіх танцах ды песнях на ідыш. Пачатак а 17-й ля Каўказскай сінагогі ў Крынках.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара.