Станіслаў Шушкевіч: Не думаю, што Крэмль пачне шукаць для Лукашэнкі замену
Крэмль пачаў гульню супраць Лукашэнкі, такую заяву зрабіў у эфіры 5-га ўкраінскага канала былы амбасадар Украіны ў Менску Раман Бяссмертны. Паводле яго, унутры самой Беларусі пачаліся вельмі сур’ёзныя дэзінтэграцыйныя працэсы, у большай ступені накіраваныя супраць самога Лукашэнкі. Украінскі дыпламат адзначыў, што лёс Беларусі, як і лёс Лукашэнкі, знаходзіцца ў руках Крамля. Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч мяркуе, што Крамлю няма сэнсу граць супраць Лукашэнкі, бо ён з’яўляецца найлепшым прыхільнікам Расеі ў Беларусі.
– Ён безагаворачна выконвае ўсе пажаданні Пуціна. Так крышку скача, робіць выгляд, што ён незалежны. Я не думаю, што могуць тут быць нейкія справы, калі Расея будзе спрыяць змяшчэнню Лукашэнкі, альбо калі Расея, напрыклад, нармальна падтрымае справядлівыя выбары ў Беларусі. Яна ж увесь час падтрымлівае маніпуляцыі спецслужбаў па абранні Лукашэнкі.
Пасля мінулагодняй анексіі Крыму і развязвання вайны на Данбасе, многія ўкраінскія і расейскія апазіцыйныя эксперты выказвалі меркаванне, што Расея можа пачаць дзеянні па змене ўлады ў Беларусі або Казахстане. Аляксандр Лукашэнка ў сваіх выступах неаднаразова падкрэсліваў, што Беларусь мае быць гатовая да спробаў дэстабілізацыі сітуацыі ўнутры краіны.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя