Падляшскі музей у Беластоку аблічбаваў творы Язэпа Драздовіча



У адказ на зварот беларусаў Беластоку Падляшскі музей аблічбаваў тэатральныя дэкарацыі створаныя Язэпам Драздовічам і дазволіў апублікаваць на сайце нашага радыё.

У сакавіку 1933 года беларускі мастак Язэп Драздовіч па запрашэнні акруговай управы Таварыства беларускай школы прыязджае з Вільні ў Беласток, дзе стварае дэкарацыі для спектакляў, якія ладзіць драматычная секцыя ТБШ, што апісаў у дзённіку. Ім былі намаляваныя двухбаковыя палотны: „Беларуская вёска з вуліцай”, „Краявід”, „Пушча” і „Замчышча”. У 1936 годзе карціны былі перададзены беларускаму актывісту Канстанціну Сідаровічу і праляжалі больш за 30-ць гадоў на гарышчы яго прыватнага дома. Пазней уладальнікам дэкарацый стала Галоўнае праўленне Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку. У 60-70-х гадах яны часамі выкарыстоўваліся БГКТ падчас культурніцкіх мерапрыемстваў. У 2002 годзе гісторык Алена Глагоўская са студэнтамі беластоцкага ўніверсітэту выставілі палотны на выставе, што праходзіла ў Музеі імя Альфонса Карнага. Выстава была прымеркаваная да арганізаванага ёй семінара, які прысвячаўся беларускай культуры ў міжваеннай Польшчы. Пасля яны вярнуліся ў БГКТ, дзе далей захоўваліся на паддашшы таварыства. У 2015 годзе Галоўнае праўленне Беларускага грамадска-культурнага таварыства перадало тэатральныя дэкарацыі Падляшскаму музею ў Беластоку. Плануецца, што іх адрэстаўруюць і выставяць у музеі.

„Вясковая вуліца” („Беларуская вёска з вуліцай”) (18/III 1933)

 „Краявід” (23/III 1933)

„Пушча” (1933)

 „Замчышча” („На дзядзінцу старога замчышча”) (1/VI 1933)

Беларускае Радыё Рацыя 

Фотаздымкі са сховішчаў Падляшскага музея ў Беластоку