Пра адвакатаў для палітзняволеных
“Варта крыўдзіцца выключна на сябе”, – так у калегіі адвакатаў патлумачылі адабранне ліцэнзіі ў некаторых адвакатаў. Самае цікавае, адвакаты гэтыя абаранялі палітычных зняволеных. Аднак у калегіі адвакатаў на пазбаўленне ліцэнзіі свой погляд.
З пачатку 2021 года пяць адвакатаў засталіся без ліцэнзій. А за год без працы засталіся ажно 20 адвакатаў. Гэтыя тыя, хто абараняў Віктара Бабарыку, журналістаў Кацярыну Андрэеву, Кацярыну Барысевіч, Андрэя Аляксандрава і многіх іншых годных людзей. Аднак у калегіі адвакатаў заявілі, што ўсім адвакатам трэба крыўдаваць толькі на сябе. Маўляў, рашэнне прымалася ў выключных выпадках, калі ад адваката не чакалі, што той спыніцца парушаць правілы прафесійнай этыкі. Ага, Дзмітрыя Лаеўскага, напрыклад, пакаралі за тое, што прасіў апраўдаць паплечнікаў Бабарыкі. Не, сапраўды, гэта ж такі кепскі ўчынак, калі адвакат просіць кагосьці апраўдаць.
Самае цікавае, як адзначыў пазбаўлены нядаўна ліцэнзіі адвакат Дзмітрый Лаеўскі, шэсць адвакатаў Марыі Калеснікавай і Максіма Знака падвергліся рэпрэсіям. А двое адвакатаў Марыі Калеснікавай – Максім Знак і Ілля Салей – затрыманыя. Канешне, як гавораць у калегіі адвакатаў, трэба крыўдзіцца на сябе. То бок абараняеш палітвязня – хутчэй за ўсё застанешся без ліцэнзіі. А потым крыўдзіся толькі на сябе. Вось толькі не зразумела, за што крыўдзіцца: за тое, што пагадзіўся абараняць не таго, ці за тое, што прасіў на судзе апраўдаць падсуднага?