Беларускія тэнісісткі выйшлі ў 1/4 фіналу турніру ў Казахстане



Чатыры беларускія тэнісісткі прабіліся ў чвэрцьфінал турніру ў казахстанскім Нур-Султане. У матчы 1/8 фіналу Юлія Гатоўка (262-ы нумар сусветнага рэйтынгу) перамагла чэшскую тэнісістку Ганну Шышкову (485) – 6:2, 6:1. У чвэрцьфінале Юлія сустрэнецца з яшчэ адной беларускай Ганнай Кубаравай (340), якая перайграла прадстаўніцу Узбекістана Нігіну Абдураімаву (669) – 7:6 (7:5), 6:3. Ірына Шымановіч (411), якая абыграла казахстанскую тэнісістку Жыбек Куламбаеву (546) – 6:3, 6:3, у барацьбе за выхад у паўфінал сустрэнецца з расейкай Валерыяй Савіных (196). Яшчэ адна беларуска Шалімар Тальбі была мацней літоўкі Юстыны Мікулскітэ (550) – 6:4, 6:3, а ў чвэрцьфінале згуляе з грузінкай Марыям Балквадзе (195).

Чэмпіянат свету па акадэмічным веславанні адменены

Чэмпіянат свету па акадэмічным веславанні 2021, які павінен быў прайсці ў Шанхаі, адменены з-за сітуацыі з каронавірусам. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце Міжнароднай федэрацыі вяслярнага спорту. Такім чынам, гэта другі запар чэмпіянат свету, які быў адменены ў сувязі з пандэміяй COVID-19.

Дэпартамент па правядзенні спаборніцтваў АБФФ перанёс матч „Шахцёра” з „Іслаччу”

Дэпартамент па правядзенні спаборніцтваў АБФФ перанёс сустрэчу „Шахцёра” супраць „Іслачы” з 31 ліпеня на 2 жніўня. Пра гэта паведамляе прэс-служба „Іслачы”. У федэрацыі футбола задаволілі хадайніцтва „гарнякоў” аб пераносе гульні, у сувязі з матчам у Кубку канфедэрацый.

Менскае „Дынама” працягнула кантракт з расейскім форвардам Кірылам Вароніным

Расейскі форвард Кірыл Варонін працягне выступаць у менскім „Дынама”. Пра гэта паведамляе прэс-служба „зуброў”. Кантракт будзе разлічаны на адзін сезон. У мінулым чэмпіянаце форвард правёў 47 гульняў і набраў 12 (4+8) ачкоў пры паказчыку карыснасці „+5”. У плэй-оф на яго рахунку 5 матчаў і адна закінутая шайба, паказчык карыснасці „+1”. Усяго ў КХЛ Варонін адыграў 281 матч, зарабіўшы 82 (31+51) балы.

Сенегальскі форвард „Руху” Абдулайе Дыяла пакінуў берасцейскі клуб

Сенегальскі нападнік „Руху” Абдулайе Дыяла перайшоў у „Арэнбург”. Пра гэта паведамляе прэс-служба расейскай каманды. У гэтым сезоне 25-гадовы форвард правёў за берасцейцаў дзесяць матчаў, у якіх вызначыўся двума галявымі перадачамі.

Беларускае Радыё Рацыя