Пра ўплыў COVID-19 на палітычныя пратэсты



Палітычныя і эканамічныя крызісы на планеце, выкліканыя пандэміяй каронавіруса, дакладна будуць вывучацца навукоўцамі-гуманітарыямі яшчэ не адно дзесяцігоддзе. Разнапланавыя наступствы ад распаўсюду COVID-19 адчулі на сабе і дэмакратыі, і аўтакратыі. Калі першыя былі вымушаныя пайсці на жорсткія абмежаванні ў плане рэалізацыі правоў на свабоду масавых сходаў, на свабоду перамяшчэнняў, што выклікала крытыку пэўных частак грамадства. Аднак незадаволенасць маргінальных слаёў не вылілася ў рэвалюцыйныя сітуацыі. Больш за тое, дэмакратыі, адчуўшы шок на першым этапе барацьбы з пандэміяй, мабілізавалі рэсурсы і змаглі вытрываць спадарожныя выпрабаванні. Што да аўтарытарных рэжымаў, то, відавочна, каронавірус стаў для многіх дзяржаваў выклікам, на які яны аказаліся няздольнымі адказаць.

Надзвычайныя сітуацыі, як правіла, паказваюць, наколькі эфектыўна і зладжана працуюць дзяржаўныя інстытуцыі. Уласна кажучы, дзяржава і існуе для таго, каб гарантаваць права на бяспеку грамадзянам і быць надзейнай тарчай у перыяд надзвычайных сітуацый. У даковідную эпоху некаторыя аўтарытарызмы, у тым ліку на постсавецкай прасторы, даволі паспяхова ўдавалі сябе за “моцныя дзяржавы”, спрабавалі пераконваць свае грамадствы і свет у тым, што цэнтралізаваная мадэль улады з’яўляецца годнай альтэрнатывай дэцэнтралізаваным дэмакратыям. Але каронавірус расставіў усё на свае месцы. Выявілася, што моц аўтарытарных сістэм – ілюзія, за якой стаіць нямогласць кіраўніцтва арганізаваць годны ўзровень медычнай падтрымкі, а ў наступным – забяспечыць маштабную вакцынацыю насельніцтва. Каронавірус выявіў шэраг праблем у дзяржаўным кіраванні, выкрыў недахопы ў сістэмах медычнага абслугоўвання. Гэта ўсё адлюстравалася на лёсах многіх людзей, якія, пры адсутнасці належнай падтрымкі з боку дзяржаваў, узняліся на палітычныя пратэсты. Самыя яркія прыклады таго, як каронавірус абудзіў грамадзянскасць у жыхароў аўтарытарных дзяржаваў – Куба і Беларусь. Пры ўсіх адрозненнях двух кейсаў ёсць у сітуацыях падобныя моманты. Калі падсумаваць лозунгі кубінскага пратэсту, які па сваім маштабе пераўзышоў усё, што адбывалася на “выспе свабоды” ў апошнія гадоў трыццаць, то апаненты камуністычнага ўраду патрабуюць: “Ежы, лекаў, свабоды”. То бок, мы маем класічныя кампаненты для незадаволенасці незмяняльнай уладай, якая не здольная вырашыць базавыя пытанні жыцця грамадзянаў. Правал у эканамічнай палітыцы, няздольнасць упорацца з каронавіруснай эпідэміяй і ціск на нязгодных – гэта прыблізна той жа набор “прыемнасцяў”, якім частуе ўласных грамадзянаў беларускі рэжым. Зрэшты, каронавірус мог бы і не выклікаць рэкордных пратэстаў у Беларусі і на Кубе, каб не залішняя самаўпэўненасць аўтакратаў, якія катэгарычна не прызнаюць хібаў сваіх сістэм. Падаецца, каб кіраўнік Беларусі павёў сябе ў пачатку 2020 года інакш, адразу прызнаў сур’ёзнасць праблемы і звярнуўся па дапамогу да міжнароднай супольнасці, то рэакцыя на каронавірусны крызіс не была б такой вострай. На Кубе, якая ў ранейшыя часы славілася даступнай і якаснай медыцынай, паўстала прыблізна такая ж сітуацыя. У дадзены момант на вуліцы кубінскіх гарадоў выйшлі людзі, абураныя калапсам медыцыны і сумнеўнай афіцыйнай статыстыкай.

Аднак беларускаму рэжыму варта аддаць належнае. Сутыкнуўшыся з шэрагам выклікаў, кіраўніцтва краіны пачало выкарыстоўваць пандэмію для ўтрымання сітуацыі пад кантролем. У прыватнасці, закрыццё дзяржаўных межаў на выезд грамадзянаў Беларусі афіцыйна тлумачыцца клопатам дзяржавы аб нераспаўсюдзе каронавіруса. Але цалкам відавочна, што ўлады апусцілі “жалезную заслону”, каб прыпыніць трафік грамадзян з прылеглых краін, з аднаго боку, а, з іншага, – дэмаралізаваць тых, хто застаўся ў самой Беларусі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ