Ператрусы ў сваякоў гомельскіх журналістаў — забралі кнігі
Міліцыя 15 ліпеня правяла вобшукі ў сваякоў гомельскіх журналістаў Сяргея Ляпіна і Марыі Булавінскай, якія з мінулага года знаходзяцца за мяжой.
Як паведаміў БелаПАН Сяргей Ляпін, у іх кватэры і кватэрах сваякоў міліцыя канфіскавала кнігі выдавецтваў Arche і „Радыё Свабода”. Паводле слоў Ляпіна, кнігі забіралі паводле каларыстычнага прынцыпу — тыя, што былі аформленыя ў бела-чырвонай расфарбоўцы.
„Відавочна яны хацелі знайсці ў нас нейкую фактуру, каб апраўдаць свае дзеянні”, — мяркуе Ляпін.
„Гэта гістарычныя кнігі, мне яны патрэбныя былі для вучобы і працы. Я па спецыяльнасці гісторык. Пра канфіскаваныя кнігі я даведалася з міліцэйскага пабліку „УКантакце”, дзе выклалі фатаграфіі з нашай кватэры”, — адзначыла Марыя Булавінская.