Праваабаронцы – пад пераследам, але іх дзейнасць не спыняецца



Як працуе праваабарончы рух ва ўмовах татальнага пераследу і як можна ўплываць на сітуацыю – пра гэта пагаворым з “вясноўцамі”.

У Беларусі з’явіліся новыя палітычныя вязні, сярод якіх – праваабаронцы з цэнтру “Вясна”. “Кожны ў Беларусі, хто працуе ў грамадскім сектары, у тым ліку займаецца праваабарончай дзейнасцю, не можа адчуваць сябе ў бяспецы”, – лічыць юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Павел Сапелка. Ён канстатуе, што рэпрэсіі могуць закрануць кожнага і ў любы дзень, хоць апошнім часам сярод рэпрэсаваных апынуліся менавіта праваабаронцы:

14 ліпеня перавагу аддалі менавіта Вясне. Але гэта толькі адзін дзень у шэрагу дзён гэтага году, калі мы жывём фактычна ў чаканні новых рэпрэсій. Учора чакалі праваабарончы, пазаўчора журналісты, яшчэ раней арганізацыі, якія прасоўваюць нацыянальныя ідэі. Гэта такі працэс, які праходзіць па вызначаным уладамі нейкім плане.

На сёння вельмі важна пашыраць інфармацыю пра рэпрэсіі ў Беларусі – кажа праваабаронца з цэнтру “Вясна” Наталля Сацункевіч. Яна мяркуе, што з цягам часу цікавасць еўрапейскай і міжнароднай супольнасці да беларускіх падзей можа спадаць, а таму неабходна пры кожнай магчымасці пра гэта нагадваць:

– Адна з рэчаў, якую мы заўсёды патрабуем у заявах аб прызнанні палітвязнямі, гэта неадкладна вызваліць людзей, спыніць крымінальны пераслед, спыніць рэпрэсіі. Мы працуем над тым, каб гэтыя нашыя патрабаванні былі пачутыя і выкананыя. Ёсць розныя магчымасці і спосабы гэта зрабіць, адзін з іх гэта распаўсюд інфармацыі. Мы бачым, як зараз улады спрабуюць знішчыць усе дэмакратычныя НДА у Беларусі, а таксама незалежныя СМІ. Гэта ўсё робіцца ў тым ліку для таго, каб спыніць распаўсюд інфармацыі.

Таксама важна падтрымліваць саміх палітычных вязняў ды іх сем’і, пісаць лісты ў месцы зняволення. Наталля Сацункевіч падкрэслівае, што праваабарончы цэнтр “Вясна” надалей працягвае сваю дзейнасць:

Мы, тыя, хто на волі, працягваем сваю дзейнасць і будзем яе працягваць, пакуль ёсць магчымасць. Канешне, у нас зараз вялікі фокус на тое, каб дапамагчы менавіта нашым калегам і іх семям, але таксама мы працягваем збіраць інфармацыю аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, публікаваць яе, дапамагаем кожнаму і кожнай, хто звяртаецца да нас.

Паводле Паўла Сапелкі, выхадам з палітычнага і грамадскага крызісу ў краіне можа стаць перадусім нацыянальны дыялог:

Я ў першую чаргу прыхільнік таго, што беларусы, беларускі народ і ўлады Беларусі павінны знайсці нейкія кропкі сутыкнення адно з адным, зрабіць разрадку і пачаць нацыянальны дыялог. Я не ведаю, што да гэтага прывядзе, але гэтым усё павінна завяршацца. Нешта павінна ўрэшце падштурхнуць улады прыгадаць пра тое, што яны жывуць у гэтай жа краіне, што мы такія самыя грамадзяне, як і яны.

Важна дадаць, што ўсе сацыяльныя сеткі цэнтру “Вясна” працягваюць працаваць, і ў разе патрэбы можна праз іх звяртацца па дапамогу. У арганізацыі заявілі, што не зважаючы на пераслед, працягваюць сваю праваабарончую дзейнасць.

Прыгадаем, што 14 ліпеня па ўсёй Беларусі пракацілася хваля беспрэцэдэнтных па сваіх маштабах ператрусаў і затрыманняў, мішэнню якіх стала праваабарончая супольнасць. Сёння, 16 ліпеня, рэпрэсіі працягваюцца, з раніцы сілавікі прыйшлі да шэрагу незалежных журналістаў.

Цалкам гутарка у далучаным гукавым файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.