Акцыя „Amnеsty International” супраць смяротнага пакарання ў Беларусі



Праваабарончая арганізацыя „Amnеsty International” (Міжнародная амністыя) абвясціла акцыю супраць смяротнага пакарання ў Беларусі.

Падставай для яе стаў новы смяротны прысуд, вынесены Гомельскім абласным судом 21-гадоваму Сяргею Іванову, які быў прызнаны вінаватым у забойстве і згвалтаванні.

Па словах каардынатара грамадскай кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэя Палуды, гэта першы ў 2015 годзе прысуд да вышэйшай меры пакарання

Нашы калегі з арганізацыі „Amnеsty International” абвясцілі бестэрміновую акцыю, якая накіраваная на звароты да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, каб вырак у выглядзе смяротнага пакарання ў адносінах Сяргея Іванова быў зменены на любыя іншыя пакаранні, у тым ліку на пажыццёвае зняволенне, каб Беларусь не заставалася той краінай, дзе выносяцца і выконваюцца смяротныя прысуды.

Грамадзяне з розных краінаў свету будуць накіроўваць звароты ў адміністрацыю прэзідэнта Беларусі з просьбай не выконваць смяротны прысуд, а таксама ўвесьці мараторый на гэты від пакарання.

* * *

Еўразвяз зноў заклікаў Беларусь далучыцца да глабальнага мараторыя на смяротнае пакаранне як першага кроку да яе поўнай адмены. Пра гэта гаворыцца ў заяве, размешчанай на афіцыйным сайце кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі Федэрыка Магерыні.

Заява зроблена ў сувязі з тым, што 18 сакавіка судовая калегія па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда на выязным пасяджэнні прысудзіла 21-гадовага жыхара Рэчыцы да расстрэлу.

Мы ўсведамляем сур’ёзны характар злачынстваў, за якія асуджаны Сяргей Іваноў, і выказваем глыбокія спачуванні сям’і ахвяры гэтых злачынстваў, – гаворыцца ў заяве. – Тым не менш Еўразвяз выступае супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках, так як яна не можа быць апраўданая ніякімі абставінамі. смяротнае пакаранне – жорсткае і бесчалавечнае пакаранне, якое не дзейнічае як сродак запалохвання і з’яўляецца непрымальным адмаўленнем чалавечай годнасці”.

Пры накіраванні справы ў суд Следчы камітэт распаўсюдзіў інфармацыю аб тым, што ў жніўні 2013 года малады чалавек, будучы ў стане алкагалёвага ап’янення, а таксама пад уздзеяннем псіхатропных сродкаў, ноччу на адной з рэчыцкіх вуліц жорстка збіў і згвалціў дзяўчыну, у выніку чаго тая памерла. Пасля гэтага мужчына выкраў яе маёмасць.

Прысуд можа быць абскарджаны або апратэставаны.

* * *

У Рэчыцы вынесены прысуд 21-гадоваму мясцоваму жыхару, які 29 жніўня 2013 года згвалціў і забіў 19-гадовую дзяўчыну. Судовая калегія па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда на выязным пасяджэнні прысудзіла абвінавачанага да вышэйшай меры пакарання – расстрэлу.

Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда адзначае, што інфармацыя па справе асуджанага не вельмі шмат.

Наколькі мы валодаем інфармацыяй – гэта першы смяротны прысуд у гэтым годзе. Разгляд справы адбываўся ў Рэчыцы, была выяздная калегія Гомельскага абласнога суда. Прозвішча асуджанага вядомае – гэта Сяргей Іваноў. Дзяржаўныя сродкі масавай нфармацыі яшчэ напрыканцы 2013 года давалі інфармацыю пра гэтае забойства

У апошнім слове абвінавачаны цалкам прызнаў віну, заявіў, што раскайваецца, а таксама папрасіў прабачэння ў маці забітай дзяўчыны і сваёй маці.

На судзе ён адмовіўся ад дачы паказанняў у частцы таго, што тычылася непасрэдна забойства. Маці забітай дзяўчыны заявіла, што задаволена прысудам. Ад зносінаў з прэсай яна адмовілася.

Кампанія «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» асуджаюць прысуд жыхару Рэчыцы і прапануюць замяніць яго пажыццёвым зняволеннем.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя