Габрыэлюс Ландсбергіс: Лукашэнка помсціць Літве



Узмацніць націск на „незаконны рэжым” у Беларусі заклікаў Еўрасаюз і ЗША міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбэргіс, выступаючы 16 ліпеня на анлайн-дыскусіі Атлантычнага савета — амерыканскага аналітычнага цэнтра пры НАТА.

На мерапрыемстве „Барацьба за свабоду ва Усходняй Еўропе і за яе межамі” Ландсбергіс распавёў аб мерах падтрымкі Літвой беларускай дэмакратычнай апазіцыі, адказе на рэпрэсіі, якія праводзяцца рэжымам Лукашэнкі, і выкарыстанні міграцыйных патокаў у спробе падзяліць ЕС і трансатлантычнае адзінства. Абмяркоўвалася неабходнасць салідарнай рэакцыі дэмакратычных краін на парушэнні правоў чалавека, якія ўчыняюцца аўтакратыямі ў рэгіёне і ва ўсім свеце.

„Лукашэнка, адпраўляючы ў Літву мігрантаў з Ірака і Сірыі, выкарыстоўвае міграцыю як зброю. Гэта гібрыдная атака не толькі на Літву, але і на ЕС і НАТА. Лукашэнка помсціць Літве за яе намаганні падтрымаць памкненні да свабоднай Беларусі”, — заявіў Ландсбергіс.