Праваабаронцы Бяляцкі, Стэфановіч і Лабковіч засталіся пад вартай
Кіраўнікі праваабарончага цэнтра „Вясна” Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, а таксама юрыст цэнтру Уладзімір Лабковіч не адпушчаныя на волю праз 72 гадзіны пасля затрымання.
Такім чынам, у дачыненні да іх абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. На працягу дзесяці дзён праваабаронцам павінна быць выстаўленае абвінавачанне, альбо іх адпусцяць на волю. Пад вартай знаходзіцца таксама жонка Лабковіча – Ніна, выканаўчы дырэктар сеткі мецэнатаў Angels Band.
14 ліпеня ў Менску і іншых гарадах падчас новай хвалі крымінальнага пераследу „трэцяга сектара” было праведзена не менш за 30 вобшукаў, затрымана больш за 10 чалавек, сярод якіх прадстаўнікі праваабарончай супольнасці, грамадскія актывісты і журналісты. Пазней частку затрыманых адпусцілі.