Віктар Марчык: Людзі сышлі ў цень і чакаюць свайго часу
Слонімскіх актывістаў выклікаюць у міліцыю. Між іншым, позвы ў Слонімскі РАУС на 19 ліпеня атрымалі сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сілаў Алесь Масюк, Віктар Марчык, Міхась Сашко. Ім неабходна з’явіцца да маёра міліцыі Мацкевіча ў вызначаны для кожнага час.
Як кажа Віктар Марчык, гэта тычыцца многіх сланімчан, якія прыцягваліся да адказнасці па так званым “народным артыкуле”:
– Як нам паведаміў супрацоўнік міліцыі, які выдаваў позвы, што гэта прыйшло ўказанне з вобласці, з Гародні, што ва ўсіх, хто па 23.34 прыцягваўся, узяць адбіткі пальцаў. Вось мы такой інфармацыяй валодаем. А што там адбудзецца на самой справе, мы не ведаем.
Агульна грамадскі настрой у Слоніме нельга назваць дэпрэсіўным – лічыць Віктар Марчык. Ён мяркуе, што актыўнасць людзей прыпынілася з прычыны жорсткіх рэпрэсій, але гэта не змяніла думкі і меркаванні адносна сітуацыі ў краіне:
– Проста прыпынілі сваю актыўную дзейнасць. Цяпер не тое, што нейкую альтэрнатыўную думку, а нават за адзенне могуць узяць і пасадзіць. Канкрэтнае бязмежжа. Цяпер нават горш, чым тое, што адбывалася ў 30-я гады. Фактычна паўтарэнне 1937 года ў нас ідзе, але тое, што людзі сталі апалітычнымі ці яшчэ штосьці, – не. Гэта наадварот іх яшчэ больш злуе. Але проста, як кажуць, сышлі ў цень і чакаюць свайго часу.
Жыхары Слоніма, якіх выклікаюць у міліцыю, тэлефануюць у РАУС і пытаюцца, навошта іх выклікаюць. Адказы гучаць розныя: або для прафілактычнай гутаркі, або для ўзяцця адбіткаў пальцаў.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя