Святлана Алексіевіч распавяла, калі збіраецца вярнуцца ў Беларусь
Святлана Алексіевіч у гутарцы з журналістам Gazeta Wyborcza распавяла пра тое, калі яна збіраецца назад у Беларусь (у верасні 2020-га Алексіевіч выехала ў Германію).
Па словах нобелеўскай лаўрэаткі яна прыняла для сябе рашэнне жыць у эміграцыі. «Калі б вярнулася, чакаў бы лёс Аляксея Навальнага. Зараз не магу вярнуцца на радзіму, пакуль ва ўладзе Лукашэнкі і яго людзі. Таму чаканне новай сустрэчы з Менскам буду марнаваць на тое, каб напісаць кнігу, як гэта адбылося, што людзі сказалі: „Хопіць”, сусед выступіў супраць суседа. Пра тое, што ў нашых турмах сёння катуюць людзей, як калісьці ў лагерах „.
Таксама яна ўзгадала нядаўні інцыдэнт, які адбыўся ў аэрапорце Берліна 14 ліпеня. Тады пісьменніцу затрымалі з-за падазрэння, што ў яе торбачцы знаходзіцца бомба.
Выбухоўку не знайшлі, Алексіевіч спазнілася на самалёт і вярталася ў Польшчу на машыне. Па словах пісьменніцы, яна ставіцца да гэтай гісторыі з іроніяй і схільная думаць, што гэта было супадзенне, а не зрэжысаваная акцыя.
Беларускае Радыё Рацыя