Аляксандр Шарабайка: Усё робіцца толькі з мэтай утрымаць уладу



Пра затрыманне, апошнюю трохсуткавую адседку па выдуманай крымінальнай справе і стаўленне да міліцыянтаў ды ўладаў Беларусі ў эфіры нашага радыё распавядае грамадскі актывіст з Глыбокага Аляксандр Шарабайка. Ён неаднаразова ўдзельнічаў у мірных пратэставых акцыях у Глыбокім. За што яму і да гэтай пары помсцяць улады.

РР: Нядаўна ў Глыбокім у Вас быў ператрус, Вас пасадзілі на некалькі сутак. Як Вы лічыце, чаму так адбылося, ці ёсць нейкія спісы ў міліцыянтаў, па якіх час ад часу турбуюць адных і тых жа людзей?

– Думаю, што такія спісы абавязкова ёсць. У прынцыпе, усе ўсіх ведаюць. Хто суткі атрымаў, хто штрафы, хто абыйшоўся папярэджаннем. Вось і ўсё. Якія тут спісы? Усім усё вядома. Тым больш столькі разоў судзілі, тут кожнаму зразумела, каго прыедуць затрымліваць – таго, каго судзілі. Няважна: штраф, суд, ці проста нават, калі маленькім штрафам абыйшоўся. У кожным выпадку будзе ўжо такая „пляма”. Ведаеце, як пры СССР? Не партыец – „пляма”. Канешне, ад самае раніцы стартанулі „стаханаўцы”. Я выводзіў сабаку на вуліцу, прыехала міліцэйская машына. Прывіталіся, запыталі ці сабака кусае, і з гэтага пачалося ўсё самае цікавае.

РР: Ці была санкцыя пракурора на вобшук?

– Так, санкцыя была. І пракурора, і Следчага камітэта. Хіба з дакументамі ўсё ў парадку. Толькі чамусці на дакуменце я не знайшоў ані пячаткі, ані штампу. 

РР: А подпісы былі?

– Подпісы так, былі. 

РР: А на якой падставе яны ўсё гэта рабілі?

– Артыкул такі, не першы раз ужо чую – за распальванне варожасці паміж нейкімі групамі асобаў. Нават неяк цікава. Я нешта не памятаю нейкай варожасці ўвогуле, каб нехта распальваў, хто выступаў на пратэстах. Толькі на выступах самаабвешчанага я чуў менавіта раздзяленне такое: вы і яны.

РР: То бок хацелі зрабіць так, быццам бы людзі да чагосьці там заклікалі?

– Менавіта так. Але я сумняюся, што гэта нехта з нашых апублікаваў гэты пост. Зараз вельмі шмат падставаў. Гэтага „змагара”, які, як яны кажуць, апублікаваў гэты пост, ніхто  не ведае – хто, што? 

РР: Выглядае як правакацыя.

– Вядома. Як  і ўсё, што робяць улады. Усё, што не робіцца – робіцца толькі з мэтай гэтую ўладу утрымаць. Утрымаць кожным спосабам, кожным шляхам. Рэпрэсіі, затрыманні, проста пасадзіць, прыдумаць крымінальную справу, падставіць чалавека. Іншага тлумачэння гэтаму няма. 

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

 

Сям’я Шарабайкаў

З госцем Рацыі размаўляла Таццяна Смоткіна.

Беларускае Радыё Рацыя