Сяргей Гардзіевіч: Пракурор хадайнічаў узяць мяне пад варту найхутчэй (абноўлена)



Замест прыгавору – узнаўленне судовага разбіральніцтва 23 ліпеня. Такі вердыкт суддзі Іванаўскага суда Генадзя Кудласевіча нечакана пачуў журналіст інфармацыйнага сайта “1 рэгіён” Сяргей Гардзіевіч. На агучванне прыгавору Сяргей  з’явіўся ў суд з турэмным кешам.

На мінулым судовым працэсе пракурор Сяргей Жуковіч папрасіў пазбаўлення волі на 1 год і 6 месяцаў турэмнага зняволення з закючэннем пад варту адразу пасля суда, кажа Сяргей Гардзіевіч:

– Верагодна, суддзя ўсё ж такі больш падрабязна азнаёміўся з матэрыяламі справы. Уся справа пабудаваная на домыслах, на здагадках. Верагодна, запатрабаваў нейкія дадатковыя дадзеныя. У тым, што будзе прысуд – я не сумняваюся. Але адная са здагадак – што мяне правакуюць да пабегу.

Чаму адбыўся такі дзіўны, незразумелы разварот у крымінальнай справе Сяргея Гардзіевіча, стане вядома 23 ліпеня.

А вось БТ-4 засталося без сюжэту, дзе можна было з прымяннем хлусні паздзекавацца над чарговым “нязгодным”.

* * * 

Сёння павінны былі абвесціць прысуд драгічынскаму журналісту Сяргею Гардзіевічу — аднак суддзя перанёс абвяшчэнне на 23 ліпеня.

Журналіст інфармацыйнага сайту “1 рэгіён” Сяргей Гардзіевіч падрыхтаваўся да турэмнага зняволення.

На апошняе паседжанне па вынясенні прыгавору па трох артыкулах крымінальнай справы ён ідзе з рэчамі, якія купіў для турмы, хаця сваёй віны журналіст катэгарычна не прызнаў.

Кажа Сяргей Гардзіевіч:

„Пракурор запрасіў пазбаўлення волі на 1 год 6 месяцаў агульнага рэжыму. Пракурор хадайнічаў, каб узяць мяне пад варту пасля агучвання прысуду, не чакаючы ўступлення прысуду ў сілу. Адвакаты не пагадзіліся, настойвалі на тым, што я не вінаваты, і віна мая не даказана. Усё гэта пабудавана на домыслах, і супярэчыць тэхнічным заключэнням аператара МТС.”

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Паводле Сяргея Гардзіевіча, сумнявацца ў турэмным тэрміне не прыходзіцца. Як паказвае практыка судовых прысудаў па артыкулах „паклёп і абраза міліцыянтаў і прэзідэнта”, запросы пракурора заўсёды задавальняюцца судом цалкам. Акрамя турэмнага тэрміну Гардзіевіч павінен будзе выплаціць двум міліцыянтам па 2000 рублёў.

Ганна Васілевіч, Беларускае Радыё Рацыя