Макей заявіў, што Менск плянуе абаперціся на Расею і Кітай у «гібрыднай вайне»
Уладзімір Макей заявіў, што лічыць санкцыі «фінансава-эканамічнай вайной Захаду з Беларуссю». Менск ва ўмовах новых выклікаў, у першую чаргу звязаных «з гібрыднай вайной», знойдзе новыя магчымасці, заявіў міністар замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Яго цытуе дзяржаўнае агенцтва БелТА.
На думку Макея, можна будзе абаперціся на некалькі краін: «Я маю на ўвазе перш за ўсё нашых стратэгічных партнёраў, Расею, Кітай ды іншыя краіны, а таксама існыя напрацоўкі на традыцыйных рынках, ужо падрыхтаваныя і распрацаваныя стратэгіі і планы па нарошчванні нашай прысутнасці і асваенні новых рынкаў і нішаў», — растлумачыў Макей. Міністар 19 ліпеня бярэ ўдзел у семінары для кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі.
«Вядзецца фінансава-эканамічная вайна, развязаная Захадам у дачыненні Беларусі, якая патрабуе не толькі аператыўных, але і прадуманых шматпланавых адказаў на перспектыву», — падкрэсліў Макей.