Пленэр у Гарадной спрыяе захаванню і развіццю беларускага ганчарства



Ужо на тыдні, 25-га ліпеня, у вёсцы Гарадная, што ў Столінскім раёне Берасцейшчыны, пачнецца VII-мы Міжнародны пленэр ганчароў. Ён збіраецца раз на два гады і сёлета, з-за пандэміі, на ім будуць прысутнічаць пераважна айчынныя майстры.

Па словах мастка-кераміста Вольгі Марук, якая двойчы брала ўдзел у мерапрыемстве, гараднянскі пленэр вельмі спрыяе захаванню і развіццю беларускага ганчарства:

– Трэба з глінай размаўляць, трэба яе любіць, трэба яе абдымаць, угаворваць. Калі ты займаешся справай, трэба яе любіць – гэта самае важнае. На жаль, старых майстроў я не застала, але дапамагалі аповеды мастакоў старэйшага пакалення. Работы не паміраюць, яны жывуць вечна, памяць жыве вечна і я спадзяюся, што ўсё працягнецца для навучання наступных пакаленняў. Промысел павінен жыць.

Пленэр ганчароў будзе працаваць па 2-е жніўня. У яго межах адбудзецца кірмаш, майстар-класы ад майстроў і шэраг акцый скіраваных на знаёмства гасцей мерапрыемства з 500-гадовай гісторыяй ганчарства ў Гарадной.

Беларускае Радыё Рацыя