Гарадзенскі палітвязень і музыка – месяц на хіміі
Ігар Банцэр прыехаў на хімію ў Віцебск 17 чэрвеня 2021 года і за месяц не змог прайсці медычную камісію.
Пра свае праблемы кажа Ігар Банцэр:
– За гэты месяц аніводная праблема са здароўем не вырашана. Хоць я ехаў сюды ўжо з накіраваннем у шпіталь. Але мне сказалі прадстаўнікі адміністрацыі ўстановы, што гэта гарадзенскае накіраванне, у гарадзенскі шпіталь. У вас жа нібыта сістэма аховы здароўя адна ў краіне, то чаму вы мяне не хочаце ў шпіталь класці, – пытаюся. Яны адказалі, што мяне ў шпіталь не пакладуць.
Па словах палітвязня, у іхнай папраўчай установе кожны дзясяты – гэта палітвязень:
– Зараз больш за сто чалавек тут знаходзіцца. Дзесяць з іх, са мной уключна, афіцыйна прызнаныя палітвязнямі. Зразумела, спрабуем гуртавацца, трымацца разам, але адміністрацыя ўстановы дасюль адмаўляе той факт, што ёсць асуджаныя па палітычных артыкулах.
За час адбывання пакарання ў так званай “хіміі” Ігар атрымаў ўжо 1 папярэджанне, а пасля трох такіх вымоваў яго могуць адпраціць у ШІЗА, а затым у калонію для таго, каб пакаранне стала больш жорсткім.
Беларускае Радыё Рацыя