Тэракт у Тунісе (абноўлена)
Сярод пасажыраў лайнера MSC Splendida ў Тунісе былі двое грамадзян Беларусі, але ў гісторыі з захопам закладнікаў яны не пацярпелі і вярнуліся на борт. Пра гэта распавялі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
«Цесны кантакт з кампетэнтнымі італьянскімі органамі дазволіў амбасадам Беларусі ў Італіі ўсталяваць наяўнасць двух грамадзянаў Беларусі сярод турыстаў круізнага лайнера, пасажыры якога напярэдадні сышлі на бераг у Тунісе, каб наведаць музей Бардо. Па наяўнай у пасольстве інфармацыі, якая паступіла ад італьянскага боку, грамадзяне Беларусі не пацярпелі. Яны вярнуліся на борт судна, якое ўжо пакінула Туніс у кірунку Барселоны – наступнага пункта прызначэння», – паведамілі ў МЗС.
Па справе тэракту ў Тунісе арыштаваныя дзевяць чалавек, чатыры з якіх, на думку ўладаў, мелі прамое дачыненне да нападу. Раней паведамлялася пра тое, што ў ходзе спецаперацыі па вызваленні закладнікаў былі знішчаны два тэрарысты.
МЗС Беларусі выказаў спачуванні родным і блізкім забітых і параненых у тэракце ў Тунісе. «У Рэспубліцы Беларусь з глыбокім болем успрынялі паведамленне пра тэракт у туніскай сталіцы», – сказалі ў прэс-службе МЗС, падкрэсліўшы, што беларускі бок асуджае любыя формы і праявы жорсткасці і гвалту над ні ў чым не вінаватымі людзьмі.
* * *
Паводле апошніх дадзеных, 23 асобы забітыя, больш за 40 параненыя ў выніку тэрарыстычнай атакі ў Тунісе.
Сярод загінулых двое грамадзянаў Польшчы, – паведаміў журналістам міністр замежных справаў Польшчы Гжэгож Схэтына.
– Мы размаўлялілі з консулам і амбасадрам сёння зранку. Пацверджана, што ёсць 2 асобы, якія зніклі, 2 асобы загінулі і 9 знаходзяцца ў шпіталях.
Напярэддані узброеныя людзі напалі на найбуйнейшы ў Тунісе музей „Бардо” і захапілі там закладнікаў.
* * *
Непатрэбнае гулянне лічбамі ахвяраў толькі накаліла сітуацыю ў польскім грамадстве і асабліва сярод тых, чые родныя і блізкія працягваюць знаходзіцца ў Тунісе. Пра гэта заявіў кіраўнік спецыяльнай камісіі польскага Сейма Марэк Бернацкі. На яго думку, рашэнне ў справе абвяшчэння ў краіне жалобы павінна быць прынятае толькі пасля таго, як будзе вядома дакладная колькасць загінулых грамадзянаў Польшчы.
– Трэба ўшанаваць памяць загінулых, але і ўмець правільна карыстацца інфармацыяй, асабліва ў такія часы крызісу. Тое, што адбылося, – гэты нібыта польскі 11 верасня.
Марэк Бернацкі падкрэсліў, што да гэтай пары Туніс быў адной з самых спакойных арабскіх краін. У той жа час, адказваючы на пытанне, хто можа стаяць за тэрактам, польскі палітык назваў Туніс спецыфічным рэгіёнам. Нагадаем, па апошніх звестках падчас нападу на музей Бардо ў Тунісе загінулі два дзясяткі чалавек – дакладная лічба увесь час удакладнаяецца, сярод забітых двое грамадзянаў Польшчы. Па апошняй інфармацыі, праваахоўныя органы Туніса затрымалі трох баевікоў, якія атакавалі музей Бардо ў сталіцы краіны.
* * *
Апеляцыйная Пракуратура ў Варшаве пачала расследаванне тэракту ў Тунісе.
У Тунісе зараз знаходзяцца 290 польскіх турыстаў. Большасць з іх вяртаюцца на радзіму. Пра гэта паведаміў тэлеканалу TVN24 старшыня польскай турыстычнай палаты Павел Невядомскі.
Напярэдадні па прычыне тэракту ўсе рэйсы ў гэтую краіну адмянілі турыстычныя кампаніі “Itaka” і “Sun&Fun”. Намеснік кіраўніка турыстычнай кампаніі “Itaka” Пётр Геніч раней паведамляў пра 182 турысты, якія знаходзяцца ў Тунісе па іх пуцёўках. Сёння да іх быў накіраваны самалёт, якім палякі могуць вярнуцца на радзіму. На падобны крок пайшла і турыстычная кампанія “Sun&Fun”, ад якой у Туніс паехалі 62 польскія турысты.
Трэба адзначыць, што музей Бардо ў Тунісе – асноўны турыстычны пункт. У ім знаходзіцца славутая рымская мазаіка. Сярод турыстаў, якія падчас тэракту знаходзіліся ў музеі, была група з 36 палякаў.
* * *
Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі падкрэсліў, што нельга спекуляваць на ахвярах: нельга падаваць колькасць ахвяраў, калі інфармацыя непацверджаная – гэта выклікае непатрэбныя нервы ў чальцоў сем’і тых, хто быў у Тунісе. Такія словы могуць быць адказам на ўчорашнія словы маршалка Сейма Радаслава Сікорскага, які ў вячэрні час сказаў, што сярод ахвяр можа быць да сямі палякаў.
Паводле інфармацыі міністра замежных спраў Польшчы, сярод ахвяраў ёсць 2 польскія грамадзяніны, 9 параненых знаходзяцца ў шпіталях – іх жыццю нічога не пагражае. Месцазнаходжанне яшчэ 2 грамадзян Польшчы пакуль невядома.
Спецыяльны самалёт з брыгадай лекараў і дыпламатаў з мэтай дапамогі ахвярам нападу на музей у Тунісе вылецеў раніцай. Пра гэта паведаміла Міністэрства абароны Польшчы.
Як гаворыцца ў яго паведамленні, гатовы да выкарыстання і наступны транспартны самалёт, які чакае апавяшчэння ад Міністэрства замежных спраў пра неабходнасць здзейсніць эвакуацыю польскіх ахвяр тэракту ў Тунісе.
* * *
Тэрарысты напалі на музей ў Тунісе. Паводле апошніх дадзеных, загінуў 21 чалавек. Сярод ахвяр шмат грамадзян замежных дзяржаў. Іх колькасць увесь час змяняецца. Калі ідзе гаворка пра польскіх ахвяр, то 2 чалавекі былі забітыя, 2 – прапалі без вестак, а 9 – атрымалі раненні. Пра гэта сёння паведаміў міністр замежных спраў Польшчы Гжэгаж Схетына.
* * *
Пасля тэрарыстычнай атакі на музей некалькі тысяч чалавек прайшлі маршам па вуліцах Туніса. Гэта быў марш салідарнасці з ахвярамі, колькасць якіх яшчэ ўдакладняецца – дадзеныя ўвесь час змяняюцца.
Дэвізам маршу быў лозунг «Je suis Bardo», які нагадвае лозунг маршу салідарнасці пасля тэрарыстычнага нападу на рэдакцыю ў Парыжы „Charlie Hebdo”, паведамляе tvn24.pl.
* * *
Прэм’ер-міністр Туніса Хабіб Эсід у сераду ўвечары паведаміў, што ў выніку тэрарыстычнай атакі на музей у Тунісе загінуў 21 чалавек: гэта 17 замежных турыстаў, у тым ліку 1 паляк, 2 тунісцы і 2 тэрарысты.
Міністэрства замежных спраў Польшчы ўдакладняе пададзеныя зместкі.
* * *
Фота РАР19 чалавек, у тым 17 турыстаў, загінулі ў выніку тэррарыстычнага замаху на будынак музея Бардо ў Тунісе. Паводле паведамленняў польскага Міністэрства замежных справаў.
Сярод загінулых ёсць чатыры палякі, а таксама грамадзяне Нямеччыны, Італіі, Галандыі.
Як паведаміла прэм’ер міністр Польшчы Эва Копач, грамадзянам Польшчы, якія застаюцца ў Тунісе будзе прадастаўленая дапамога.
– Хачу запэўніць, што кожнаму з грамадзянаў Польшчы, якія былі ў той групе, будзе забяспечанае вяртанне ў Польшчу, якое мы арганізуем. Міністэрства замежных спраў Польшчы не рэкамендуе турыстычныя паездкі сваім грамадзянам ў Туніс і Егіпет.
Згодна паведамленням Міністэрства замежных спраў Польшчы, падчас тэрарыстычнай атакі на музей ў Тунісе ў будынку знаходзілася група замежных турыстаў, сярод якіх 36 палякаў.
Вядома, што трое палякаў былі параненыя. Лёс некаторых да гэтай пары не высвятлены.
Пакуль што ніхто не ўзяў на сябе адказнасць за напад.
* * *
Усе закладнікі захопленыя падчас тэрарыстычнага нападу на Музей Бардо ў Тунісе вызваленыя, паведамляе агенцтва Reuters.
„Паводле паведамленняў у выніку тэрарыстычнага нападу загінулі 7 замежнікаў і 1 тунісец”, – кажа прэс-сакратар МЗС Польшчы Марцін Вайцехоўскі:
– Тэрарыстычны напад адбыўся сёння ў Нацыянальным музеі Бардо ў Тунісе, дзе сярод турыстаў была вялікая група палякаў – 36 асоб. Напад адбыўся калі гэта група наведвала музей. На гэты момант маем пацверджаную інфармацыю, што сярод параненых ёсць тры грамадзяніна Польшчы. Яны ў добрым стане, іх жыццю нічога не пагражае, зараз яны знаходзяцца ў шпіталях. Ёсць неафіцыйная інфармацыя, што сярод гэтых 8 забітых – 4 асобы могуць быць палякамі. Не хацеў бы пакуль афіцыйна пацвярджаць гэту інфармацыю, якая паступіла да нас з некалькіх крыніц, але варта ўспрыняць яе сур’ёзна. Дакладна пра гэта сказаць мы зможам толькі пасля ідэнтыфікацыі гэтых асоб.
Пакуль невядома хто стаіць за нападам. Вядома, што было прынамсі два тэрарыста з аўтаматамі Калашнікава апранутых у вайсковую форму.
Паведамляецца, што захоплена каля 40 закладнікаў.
Беларускае Радыё Рацыя