Слонімцаў у міліцыі фатаграфавалі, бралі адбіткі пальцаў і аналізы ДНК



У панядзелак, 19 ліпеня, у Слонімскі РАУС па міліцэйскіх позвах завітала больш за 30 чалавек.

Найперш тыя, хто сёлета і летась праходзіў па артыкуле 23.34 КоАП Рэспублікі Беларусь. Сярод прысутных былі і сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл. У міліцыі ў слонімцаў бралі адбіткі пальцаў, аналізы ДНК і фатаграфавалі.

Але не ўсе слонімцы пагадзіліся на фатаграфаванне і аналіз ДНК. Адмовіліся ад гэтых працэдур Віктар Марчык, Уладзімір Літвін, Міхась Сошка і іншыя слонімцы.

Алесь Масюк зусім не з’явіўся ў РАУС, пра гэта ён папярэдзіў супрацоўнікаў міліцыі, а напісаў зварот у Слонімскую пракуратуру і папрасіў тлумачэння наконт правільнага афармлення позваў у міліцыю.

Віктар Марчык адзначыў, што супрацоўнікі міліцыі не маюць ніякага права фатаграфаваць слонімцаў і браць у іх аналізы ДНК. “Мы не з’яўляемся злачынцамі, не асуджаныя і не стаім на ўліку, як злачынцы, — адзначыў Віктар Марчык. – Дык якія могуць быць аналізы ДНК і фатаграфаванне людзей, як злачынцаў…”.

Беларускае Радыё Рацыя