5 гадоў таму загінуў журналіст Павел Шарамет
5 гадоў таму загінуў журналіст Павел Шарамет.
Павел Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 года ў выніку выбуху аўтамашыны ў цэнтры Кіева, дзе ён працаваў выканаўчым дырэктарам „Украінскай праўды” і вядучым радыёстанцыі „Вести”.
Год таму ў Кіеве Паўлу Шарамету ўсталявалі помнік. Знак устаноўлены на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка, дзе загінуў журналіст. Ён выкананы ў форме змятага белага ліста паперы, на якім напісана імя Паўла Шарамета. Аўтарам памятнага знака выступіў украінскі жывапісец і скульптар Назар Білык.
Пахаваны Шарамет у Беларусі на менскіх Паўночных могілках.
12 снежня 2019 года праваахоўнікі Украіны паведамілі, што затрымалі траіх падазраваных у забойстве: лекара і валанцёра Юлію Кузьменку, музыканта Андрэя Антоненку, ваенную медсястру Яну Дугар. 22 траўня 2020 года следства па справе меркаваных выканаўцаў забойства было завершана. Расследаванне адносна заказчыкаў было вылучана ў іншую справу. Усе затрыманыя адмаўлялі сваё дачыненне да злачынства і называлі пераслед палітычным. Абарона Антоненкі сцвярджала, што ён вышэйшы за забойцу. Адвакаты Дугар настойвалі, што ў яе ёсць алібі, пацверджанае дакументамі і сведкамі, а экспертыза, на якой грунтуецца падазрэнне, няпоўная і неаб’ектыўная. Кузьменка таксама крытыкавала экспертызу. Пазней абвінавачаных выпусцілі пад хатні арышт.
Паралельна з афіцыйным расследаваннем абставіны гібелі Шарамета вывучаліся журналісцкім калектывам Громадське телебачення.
Журналісты сцвярджаюць, што ў ноч напярэдадні забойства за домам Шарамета сачыў Ігар Усціменка, які на 2014 год быў супрацоўнікам СБУ. Гэты чалавек тасама бачыў людзей, якія здзейснілі закладку выбухоўкі пад аўтамабіль Шарамета. Толькі пасля выхада дакументальнага фільма журналістаў ён быў выкліканы на допыт. Згодна заяве СБУ Усціменка быў звольнены з СБУ 29 красавіка 2014 года.
На сёння можна сцвярджаць, што замоўнікі і выканаўцы забойства журналіста дакладна так і не выяўленыя.
Беларускае Радыё Рацыя