Юлія Сівец пра актыўнасць па дазволе



У Польшчы беларус сабраў некалькі мяхоў смецця ў лесе, размясціў пра гэта інфармацыю ў інтэрнэце, атрымаў шмат станоўчых каментароў. А мясцовыя ўлады нават шукалі мужчыну, каб падзякаваць яму. А што было б, калі б гэта здарылася ў Беларусі? Як бы тады развіваліся падзеі?

Калі б цяпер хто-небудзь сабраў смецце ў лесе і напісаў пра такую акцыю ў інтэрнэце, то яму б не дзякавалі мясцовыя ўлады. Больш за тое, беларуса абавязкова б затрымалі, канфіскалі тэхніку, абвінавацілі ў незаконным пікетаванні, асудзілі б і адправілі б на суткі. А яшчэ зрабілі б вобшук жытла. Маглі б зняць на відэа, дзе б затрыманы прызнаўся, што паддаўся ўплыву дэструктыўных каналаў і прыбраў смецце ў лесе. Беларусам зацікавіліся б іншыя органы: дзе ён узяў грошы на мяхі і куды збіраўся накіраваць смецце, а таксама, ці збіраў ён адзін смецце, ці там была ўсё ж такі група асобаў. Паралельна пачаліся б праверкі і вобшукі ў экалагічных арганізацыях: а раптам гэта яны справакавалі чалавека для прыборкі смецця. На наступны ж дзень якая-небудзь праўладная арганізацыя распачала б акцыі кшалту: сфоткайся ў беларускім чыстым лесе. А ідэолагі пачалі б праводзіць прафілактычныя гутаркі на прадпрыемствах, дзе б распавядалі, што смецця ў беларускіх лясах няма. Карацей, у Сінявокай актыўнічаць можна толькі з дазволу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ