Андрусь Цянюта: Расея рыхтуецца да далучэння закрытай для ўсіх Беларусі
У Беластоцкім універсітэце беларус абараніў магістарскую работу, прысвечаную тэме беларуска-расейскіх адносін і праблеме дзяржаўнай інтэграцыі пасля распаду СССР.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з „Госцем Рацыі”, аўтарам навуковай працы ды грамадскім актывістам Андрусём Цянютам, пра тое, да чаго вядуць манеўры Лукашэнкі вакол Крамля і што Беларусь страчвае ад шчыльнай інтэграцыі з Расеяй.
РР: Паводле вас, што мусіла б адбыцца, каб мы не апынуліся ў сённяшняй сітуацыі?
– Баюся, што для гэтага патрэбна змена ўраду ў Расеі. Пакуль ёсць Пуцін, пакуль ёсць імперская амбіцыя і яго група, якая распаўсюджвае ідэі „расейскага свету”, гэта немагчыма. Лічу, што нашы лідары, якія спрабуюць звяртацца да Расеі, робяць вялізную памылку. Расея проста іх выкарыстае, ёй непатрэбна гэта. Яны хочуць павялічваць свой уплыў на Беларусь.
РР: Калі б гэта быў не пуцін, то Расея ўсё роўна мела спакусу захапіць Беларусь?
– Гледзячы які чалавек. Справа не ў персаналіях, а ў іх ідэалогіі. Кіроўная эліта Расеі прытрымліваецца ідэалогіі „расейскага свету”. Іх геапалітычныя інтарэсы ў тым ліку і наша краіна, якую яны проста так не адпусцяць. Яны і далей будуць аказваць уплыў на Беларусь. Каб у Расеі змянілася стаўленне, то Расея сама павінна стаць дэмакратычнай.
РР: У сваёй працы вы разглядаецца матэрыялы СМІ. Наколькі змянілася рыторыка Расеі?
– Змены былі. Пры Ельцыну яны казалі, што беларускі народ і расейскі народ нібыта браты. Спачатку не было тэзісу пра адзіны народ, ён з’явіўся ўжо пры Пуціне. Змена рыторыкі ў бок таго, што Расея павінна быць цэнтрам усіх славянскіх краінаў. Беларусам і ўкраінцам у ягоным праекце было адмоўлена ў існаванні дзяржаўнасці, паводле ягонай рыторыкі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя