У Вашынтоне абмяркоўвалі неабходнасць шырокага палітычнага дыялогу ў Беларусі



Прадстаўнікі Дзяржаўнага дэпартамента ЗША на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай 19 ліпеня ў Вашынгтоне абмеркавалі неабходнасць шырокага палітычнага дыялогу і новых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі пад міжнародным наглядам, гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка Дзярждэпартамента Нэда Прайса.

„Намеснік дзяржаўнага сакратара па палітычных пытаннях Вікторыя Нуланд і дарадца дэпартамента Дэрэк Шолле сустрэліся з лідарам дэмакратычнай апазіцыі Беларусі Святланай Ціханоўскай у Вашынгтоне, акруга Калумбія, — адзначыў ён. — Да сустрэчы далучыўся дзяржсакратар Энтані Блінкен. Яны абмеркавалі неабходнасць спынення рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі, роўна як і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі, шырокага палітычнага дыялогу і новых прэзідэнцкіх выбараў пад міжнародным назіраннем. Акрамя таго, яны падкрэслілі нязменную падтрымку Злучанымі Штатамі дэмакратычных памкненняў беларускага народа”.

Як паведамлялася, на брыфінгу 19 ліпеня Прайс паведаміў, што падчас сустрэчы Блінкен і Ціханоўская абмеркавалі „працяг рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі” і тыя захады, якія міжнародная супольнасць чакае ад беларускіх уладаў.

Беларускае Радыё Рацыя