Калі спыніцца дзяржаўны тэрор? 



У Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі супраць іншадумцаў. Кожны дзень супрацоўнікі ўладаахоўных органаў затрымліваюць грамадзянаў, датычных да дзейнасці прадэмакратычных аб’яднанняў і незалежных СМІ. Не спыняецца таксама хваля ператрусаў і допытаў. Калі яшчэ паўгода таму інфармацыя пра ператрус у якога-небудзь актывіста ці на офісе СМІ была вельмі рэзананснай, а на месца здарэння ехалі некалькі журналістаў з розных канкуруючых рэдакцый, то цяпер паведамленні пра набегі людзей у цывільным сталі будзённасцю. Ды і на месца здарэння часта няма каму ехаць па прычыне таго, што журналістыка ў краіне практычна знішчаная пад корань. Маштаб “зачысткі”, якая не спыняецца год, прапарцыйная таму страху і прыніжэнню, якія адчула ўладная вертыкаль за некалькі месяцаў пасля так званых выбараў. Сапраўды, магутная аўтарытарная ўлада, якая верыла ў сваю непахіснасць і трываласць, у некалькі жнівеньскіх дзён была літаральна ў адным кроку ад падзення. І вось цяпер, паводле ўсіх законаў жанру, у краіне, дзе рэвалюцыя не перамагла, ва ўсю шчыруе рэакцыя.

Калі спыняцца рэпрэсіі? Гэтае пытанне турбуе многіх грамадзянаў Беларусі, якія стаміліся ад навінаў пра бясконцыя атакі на публічных асобаў і вядомых актывістаў. Спыненне рэпрэсій у Беларусі ў дачыненні да палітычных апанентаў улады залежыць выключна ад волі кіраўніка дзяржавы. Але калі надзвычай высокія стаўкі і ёсць пагроза страты ўлады, то іміджавыя наступствы і санкцыі Захаду рэжым хвалююць у меншай ступені.

Пэўным фактарам паніжэння градуса рэпрэсій маглі бы быць дзеянні самога беларускага народу, але ў дадзены момант складана ўявіць, што можа стаць тым самым славутым “трыгерам”, які ўздыме масы на палітычнае змаганне. Такім чынам, можна канстатаваць: рэпрэсіі заціхнуць тады, калі рэжым перастане адчуваць небяспеку свайму існаванню. На дадзены момант, калі маштабныя вулічныя пратэсты спыніліся, улада накіравала моц усяго рэпрэсіўнага апарату на іншадумцаў, лідараў меркаванняў, журналістаў і прадэмакратычныя грамадскія арганізацыі. Арганізатары пагрому перакананыя, што знішчэнне структур грамадзянскай супольнасці не дасць разгарнуцца пратэстам напоўніцу ў будучыні.

Разам з тым, у адрозненне ад ранейшых часоў, калі пасля няўдалых спробаў дэмакратычных рэвалюцый таксама рэжым ажыццяўляў ціск на сваіх апанентаў, цяперашняя сітуацыя мае ўсе прыкметы маштабнага дзяржаўнага тэрору. Калі раней многія беларусы сапраўды жылі ў сваіх інфармацыйных бурбалках і не асабліва цікавіліся пераследам апанентаў улады, то цяпер практычна ўсё грамадства ў курсе сітуацыі. Няма сумневу, што сімпатыі большасці нацыі – на баку прыхільнікаў пераменаў, якія церпяць праз свае погляды. У выпадку, калі рэпрэсіі выйдуць на іншы ўзровень, пачнуць датычыць больш шырокага кола, можна прагназаваць новую хвалю грамадскага абурэння. Такім чынам, у рэжыма насамрэч абмежаванае поле дзеянняў, калі, з аднаго боку, трэба зачысціць публічную прастору ад канкурэнтаў, а, з іншага, не зачапіць шырокія масы. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ