Жыхарку Белаазёрска Людмілу Пятроўскую ўлады не пакідаюць у спакоі



Абабраць, прынізіць фізічна і духоўна, пазбавіць сродкаў да існавання – такую тактыку выбраў рэжым Лукашэнкі адносна лепшай часткі беларускага грамадства. У абцугі васалаў рэжыму трапіла сям’я верніцы-евангелісткі Людмілы Пятроўскай з Белаазёрска.

Яе за выхад на акцыі з хрысціянскім лозунгам супраць насілля двойчы судзілі, каралі штрафамі, двойчы змяшчалі ў ізалятар, дзе катавалі і прыніжалі. Звольнілі з працы. Другі штраф, прысуджаны завочна, які судовыя выканаўцы намагаюцца спагнаць праз суд, Пятроўскія катэгарычна адмаўляюцца плаціць, кажа муж Людмілы Сяргей:

– Я ні капейкі не заплачу штрафу. Я не хачу карміць гэтую арду амонаўцаў, якая збівае людзей. Нават калі б у мяне было 3 мільёны даляраў, я б не заплаціў ні цэнта ім.

Чарговы завочны суд над Людмілай Пятроўскай, цяпер па спагнанню штрафа, правяла старшыня Бярозаўскага суда Наталля Вакульчык. Яна задаволіла іск судовых выканаўцаў па продажы праз 15 дзен арыштаванага тэлевізара і двух ровараў, забараніла выезд за мяжу Пятроўскай, – кажа сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сяржук Русецкі:

– Два ровары, якімі людзі, магчыма, карыстаюцца, каб дабрацца да лецішча, і мець магчымасць выжываць. Можам гэта расценьваць толькі як пераслед іншадумства. А як раз права мець і выказваць сваё меркаванне кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь мае згодна з Канстытуцыяй.

Паводле праваабаронцы, суддзі павінны карыстацца пры вынясенні рашэнняў найперш Канстытуцыяй. Але беларускія суды, як сказала адна з бярозаўскіх суддзяў, – “государевы люди”.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя