Зміцер Кучук: Магчымы сур’ёзныя рэпрэсіі супраць палітычных партый
Знішчэнне грамадскага сектару Беларусі, дэмакратычных партыяў, незалежных СМІ ідзе поўным ходам.
Кіраўнік Беларускай партыі „Зялёныя” Зміцер Кучук кажа, што засталіся яшчэ некалькі партыяў, якія закранутыя рэпрэсіямі не так моцна, як, напрыклад, Партыя БНФ ці Рух „За Свабоду”:
– У Беларусі палітычныя партыі атрымалі папярэджанні. І, магчыма, калі будзе палітычная кампанія, рэферэндум ці выбары, то Міністэрства юстыцыі ці Вярхоўны суд прыпыняць дзейнасць партый, бо сітуацыя неспакойная ў краіне. І Лукашэнка не зможа выйграць ніводную электаральную кампанію, у тым ліку і правядзенне рэферэндуму. І палітычныя партыі, якія могуць вылучаць сваіх кандыдатаў на выбарчыя ўчасткі, назіральнікаў – гэта ўлады будуць імкнуцца мінімізаваць. Магчыма будуць сур’ёзныя рэпрэсіі супраць палітычных партый. Таму мы чакаем. Знаходзімся ў падвешаным стане. І другая прычына, па якой можа быць зачыстка палітычных партый, – калі будзе пагроза з боку Расеі, то магчыма будзе такі сцэнар, як расейскі, што не патрэбныя праеўрапейскія палітычныя сілы, а патрэбны больш прарасейскія.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя