Агляд прэсы: новыя карты вайны



Гібрыдная вайна на краі Еўропы. Рызыкі эскалацыі паміж Баку і Ерэванам. Кіпрскія апетыты Турцыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Прымус дысідэнтаў да выезду з краіны, дыверсіі супраць грамадзянскіх самалётаў, заключэнне ў турму, санкцыі, а цяпер вось яшчэ і іміграцыя. Усё гэта складнікі гібрыднай вайны, якую на працягу некалькіх месяцаў Беларусь вядзе супраць Літвы. Пры гэтым Беларусь знаходзіцца ў зоне ўплыву Крамля, а Літва з’яўляецца чальцом Еўразвязу. Дык вось, гэтая барацьба зараз ўзмацнілася з адпраўкай Менскам сотняў нелегальных мігрантаў у балтыйскую рэспубліку», – канстатуе гішпанская газета El País.

Выданне падкрэслівае, што акрамя будаўніцтва плоту з калючым дротам на 679-кіламетровай мяжы паміж Беларуссю і Літвой, сама Літва захоўвае за сабой апошні крок: больш чым верагоднае прыпыненне дзеяння пагаднення аб Шэнгенскай зоне на ўласнай мяжы з яе латвійскімі і польскімі суседзямі.

«Вільня і Брусель звязваюць «незвычайнае» павелічэнне колькасці мігрантаў з Беларусі з «контрмерай» ад Лукашэнкі супраць санкцый, уведзенымі ЕЗ. Рэжым Беларусі імкнецца дасягнуць максімальнага ўздзеяння з найменшымі інвестыцыямі. Пры гэтым і Беларусь, і Расея дзейнічаюць у гэтай справе на роўных, у супрацы», – цытуе Цэнтр гібрыдных пагроз гішпанская газета.

 

«Павелічэнне колькасці ваенных інцыдэнтаў на мяжы паміж Арменіяй і Азербайджанам ставіць пад сумнеў аднаўленне перамоваў паміж дзвюма краінамі», – піша французская газета Le Monde.

Выданне падкрэслівае, што вызначэнне межаў паміж дзвюма краінамі – вельмі складаны працэс, які павінен вырашацца ў канструктыўным духу.

«Варожасць паміж дзвюма краінамі, мяркуючы па ўсім, не сціхла пасля вайны, але перамовы праз Расею дазволілі дамагчыся пэўнага прагрэсу, пачынаючы з чэрвеня. Азербайджан неахвотна вызваляе армян, узятых у палон пасля спынення агню, у абмен на карты, на якіх паказаны раёны, замінаваныя армянскімі ўзброенымі сіламі ў Нагорным Карабаху. За апошнія тры дзесяцігоддзі яны ўсталявалі сотні тысяч наземных мін у надзеі стрымаць наступ праціўніка», – адзначае аўтар артыкулу.

«Арменія блізкая да Масквы, таму што ад яе залежыць яе бяспека, ёй таксама ўдалося зблізіцца з Еўразвязам. Эканоміка Азербайджану, зразумела, у 4 разы перавышае эканоміку Арменіі, дзякуючы значным вуглевадародным рэсурсам. Аднак яго аўтарытарны рэжым і адсутнасць палітычнага вырашэння канфлікту з Арменіяй стрымліваюць краіну на ўскраіне Еўропы», – рэзюмуе становішча бакоў французскае выданне.

 

Прэзідэнт Турцыі Эрдаган наведаў з візітам Паўночны Кіпр з нагоды чарговай гадавіны ўводу турэцкіх войскаў на Кіпр у 1974 годзе. З тых часоў Паўночны Кіпр знаходзіцца пад турэцкай акупацыяй. Сярод іншага ў праграме візіту – наведванне квартала Вароша, з якога ў выніку ўварвання збеглі пражываючыя там грэкі-кіпрыёты і які ператварыўся ў горад-прывід, свайго роду знак падзелу выспы. На думку прэсы, Эрдаган мае намер ізноў узяць курс на стварэнне на Кіпры дзвюх дзяржаў для двух народаў.

Падазрэнні не абвяргае турэцкая праўладная газета Takvim, якая літаральна заклікае «ставіць сваіх контрагентаў перад фактам – менавіта такі спосаб дазваляе пасадзіць іншых гульцоў за стол перамоваў».

У адказ грэцкая газета Ta Nea заклікае Афіны з’яднаць шэрагі супраць Анкары.

«З прычыны рэвізіянісцкай (і экспансіянісцкай) геапалітычнай пазіцыі Анкары цяпер важна не толькі не дапускаць у сваіх шэрагах расколу, але нават і ўражання, што такое мажліва. Наадварот, неабходна адзіным фронтам рэагаваць на дэстабілізуючы крокі Турцыі. Грэцыі неабходна стварыць трывалы патройны фронт. Па-першае, усе палітычныя сілы Грэцыі павінна аб’ядноўваць агульная лінія. Другі агульны фронт – гэта Афіны і Нікасія. Трэці і вырашальны фронт – гэта вось Афіны-Нікасія-Брусэль. І тут трэба выразна даць зразумець, што кіпрская праблема – гэта не двухбаковае, а міжнароднае пытанне, якое закранае тэрытарыяльную цэласнасць Еўразвязу», – падкрэслівае грэцкае выданне.

 

Больш за 180 чалавек загінулі ў выніку разбуральных паводак у Германіі, Бельгіі і Нідэрландах. Многія да гэтага часу лічацца прапаўшымі без вестак. Калі ў адных рэгіёнах эвакуяваныя ўжо змаглі павяртацца ў свае дамы, то ў іншых пацярпелыя страцілі ўсё нажытае. Еўрапейская прэса абмяркоўвае важнасць абароны клімату ў плане зніжэння верагоднасці падобных катаклізмаў.

«Экстрэмальныя пагодныя з’явы не кампенсаваць аднымі толькі планамі па скарачэнні выкідаў СО2», – піша нямецкае выданне Frankfurter Allgemeine Zeitung.

«Декарбанізацыя нямецкай эканомікі зацягнецца на дзесяцігоддзі. А паколькі на Нямеччыну прыходзіцца ўсяго толькі два працэнты агульнасусветнага аб’ёму выкідаў СО2, то ўмовы надвор’я ў нашай краіне палепшацца толькі ў тым выпадку, калі свой унёсак у справу барацьбы са зменамі клімату унясуць Кітай, ЗША, Расея, Індыя і Японія. А таму ў Германіі перш за ўсё неабходна прыстасаваць жыццё (і ўмовы жыцця) да зменлівых кліматычных умоваў. І справаў тут безліч: пачынаючы з сістэм экстранага апавяшчэння і заканчваючы мерамі па абароне людзей, будынкаў і інфраструктуры ў найбольш уразлівых рэгіёнах. Паколькі немцамі адвечна рухае памкненне палепшыць свет, то гэтыя прыватныя пытанні, якія маюць крытычнае значэнне для жыцця грамадзян, у нас пакуль што абмяркоўваліся занадта мала», – падкрэслівае нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя